Перамовы паміж прадстаўнікамі “Газпрому” і “Белтрансгазу”, якія вядуцца ў Маскве другі дзень, пакуль не прынесьлі вынікаў. Хаця шмат каму падавалася, што падпісаньне кантракту павінна было адбыцца аўтаматычна. Нагадаю, што ў аўторак беларускі ўрад пагадзіўся плаціць за расейскі газ 50 даляраў за тысячу кубамэтраў. Са свайго боку, Расея абяцала выдаць Беларусі крэдыт, які б пакрываў розьніцу паміж старым і новым коштам.
Як паведамілі радыё “Свабода” ў прэс-службе “Газпрому”, генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Пётар Пётух правёў у Маскве на перамовах увесь учорашні дзень, але сёньня зьехаў у Менск. У “Газпроме” адмовіліся назваць прычыны, зь якіх бакі не знайшлі паразуменьня, і адклалі перамовы.
Толькі ў неафіцыйных размовах прадстаўнікі расейскага газавага канцэрну распавялі пра тое, што “Газпром” хоча заключыць доўгатэрміновае пагадненьне – да канца гэтага году, а беларускі бок пакуль жадае папісаць кантракт на некалькі месяцаў, магчыма, разьлічваючы, што потым сытуацыя неяк зьменіцца.
Між тым, 1 сакавіка заканчваецца кантракт “Белтрансгазу” з кампаніяй “Транс Нафта”, якая зараз пастаўляе газ у Беларусь. Адзін з кіраўнікоў “Транс Нафты” Дзяніс Вінаградаў паведаміў радыё “Свабода”, што перамовы аб заключэньні новага кантракту вядуцца, але вынікаў пакуль няма.
Аднак беларускаму боку ўжо ня варта баяцца газавае блякады так моцна, як раней. Ананімны прадстаўнік “Газпрому” падзяліўся думкай, што нават калі падпісаньне новых кантрактаў зацягнецца на некалькі дзён, газ адключацца ня будзе. Проста Беларусі аўтаматычна выставяць рахунак за газ, які яна атрымае за гэтыя дні. Прадстаўнік “Газпрому” сказаў радыё “Свабода”, што для іх галоўным зараз зьяўляецца той факт, што Аляксандар Лукашэнка вымушаны быў пайсьці на саступкі. Пастаянныя ж адключэньні газу могуць значна сапсаваць адносіны “Газпрому” з эўрапейскімі пакупнікамі.