КРАМЛЮ ЗРАЗУМЕЛА, ХТО МАРОЗІЦЬ БЕЛАРУСКІ НАРОД

Юры Сьвірко, Менск

Аляксандар Лукашэнка ў сераду скрытыкаваў Расею толькі ўскосна ды з нагоды школьнай рэформы – ён заявіў, што трэба захаваць станоўчы досьвед савецкай школы і дадаў: “Нам нельга дапусьціць, каб у нас адбылося тое, што ў нашых суседзяў, – што ўвогуле зьнішчыла сярэднюю школу”.

А Крэмль рэзка адрэагаваў на заяву Лукашэнкавай прэсавай сакратаркі Натальлі Пяткевіч, якая напярэдадні заявіла, што адстаўка расейскага ўраду, на думку беларускага прэзыдэнта, не зьвязаная з газавым канфліктам дзьвюх краінаў, бо “рашэньне пра газавую блякаду цэлага народу ў 20-градусны мароз магло быць прынятае толькі асабіста Пуціным”.

Прэсавы сакратар Пуціна Аляксей Громаў заявіў з гэтай нагоды: “Спадарыня Пяткевіч моцна памыляецца”. Ён дадаў, што кантакты зь Беларусьсю ў пытаньнях паставак газу вядуцца на ўзроўні гаспадарчых суб’ектаў. Далей прэсавы сакратар прэзыдэнта Пуціна сказаў наступнае: “А хто марозіць беларускі народ, як уяўляецца, і так зразумела”.

У адказ на пытаньне, як яна ставіцца да гэтай заявы спадара Громава, Натальля Пяткевіч зазначыла, што ніяк гэта камэнтаваць ня будзе. А на пытаньне, з чым зьвязаная адстаўка ўраду Расеі, калі ня з газавым канфліктам, яна адказала гэтак:

(Пяткевіч: ) “Вось тое, што я ўчора сказала, – я давяла пазыцыю кіраўніка дзяржавы”.

Спадарыню Пяткевіч падтрымаў яе былы калега Аляксандар Фядута:

(Фядута: ) “Спадарыня Пяткевіч можа моцна памыляцца, але ня ў гэтым пытаньні. Нават калі гэты загад ня быў агучаны – зразумела, што такое пытаньне не магло ня быць узгодненае. Іншая справа, што разумны прэсавы сакратар не агучвае ў такім выглядзе тыя думкі, якія сапраўды існуюць у ягонага боса”.

Адрозную ад Лукашэнкавай думкі не пабаяўся выказаць сьпікер палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў, які сказаў пра адстаўку расейскага ўраду:

(Папоў: ) “Я лічу, што ў немалой ступені гэтаму спрыялі й тыя непрадуманыя дзеяньні ўраду й яго дзяржаўных структураў у дачыненьні да Беларусі й краінаў Эўропы адносна газавай атакі, як яе назвалі”.

Калега спадара Папова па ніжняй палаце Нацыянальнага сходу Натальля Машэрава ацаніла рашэньне прэзыдэнта Пуціна гэтак:

(Машэрава: ) “Падумаўшы, разумееш, што гэта досыць разумны, эфэктны, выйгрышны ход перад выбарамі. Усе тыя, чые кандыдатуры называюцца на прэм’ер-міністра, – гэтыя людзі будуць працаваць на беларуска-расейскім полі, і досыць эфэктыўна”.

Яшчэ адзін дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян мяркуе, што ў Маскве спрабавалі зладзіць дзяржаўны пераварот, а Пуцін своечасова яго выкрыў.

(Касьцян: ) “Беларусь нічога не чакае добрага ад гэтай складанай сытуацыі. У нас толькі адно: спадзявацца на сябе, быць згуртаванымі вакол прэзыдэнта, вакол свайго ўраду і рабіць усё магчымае, каб захаваць брацкія адносіны паміж расейскім і беларускім народам”.

Як паставіўся беларускі міністар надзвычайных сытуацыяў Валеры Астапаў да адстаўкі расейскага ўраду?

(Астапаў: ) “Я па-за палітыкай, таму мне гэта глыбока “да ліхтара”.

(Карэспандэнт: ) “А Вы ацэньваеце як надзвычайную сытуацыю ў Расеі?”

(Астапаў: ) “Не, вядома. Гэта натуральна, нармальна, напэўна ж адпаведна Канстытуцыі, законам ды іншаму. Гэта іхная справа”.

Былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч назваў адстаўку ўраду Міхаіла Касьянава “плянавай” і даўно чаканай:

(Багданкевіч: ) “Я мяркую, што яна ніяк не паўплывае на нашы дачыненьні. Таму што Расеяй аўтарытарны рэжым кіруе – рэжым прэзыдэнта Пуціна. А прэзыдэнт Пуцін застаецца пры ўладзе. Як і ў Беларусі, у Расеі ў шмат чым палітыка, у тым ліку эканамічная, вызначалася яго адміністрацыяй, а не ўрадам”.

А вось меркаваньне лідэра Лібэрал-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча:

(Гайдукевіч: ) “Для Беларусі, для кіраўніцтва Беларусі, па ўсім відаць, нейкія станоўчыя элемэнты будуць. Вядома, я гляджу па той інфармацыі, хто можа быць прызначаны прэм’ер-міністрам. Гэта, па ўсім відаць, чалавек, які будзе ў гэтай сытуацыі ды пасьля прэзыдэнцкіх выбараў паводзіць сябе зь Беларусьсю больш канструктыўна, чымсьці Касьянаў”.

З гэтым нязгодны старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Я думаю, што тут Аляксандру Лукашэнку ўсьцешвацца няма чаго. Думаю, наступны, хто прыйдзе на месца Касьянава, будзе прытрымлівацца даволі жорсткай эканамічнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі”.

А лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікалай Статкевіч даў такую ацэнку адстаўцы ўраду Расеі:

(Статкевіч: ) “Звычайны выбарчы крок, які вельмі часта ўжываецца ў краінах, у якіх няма яшчэ сталай дэмакратыі, падчас важных выбарчых кампаніяў. Я ня думаю, што гэта нейкім істотным чынам паўплывае на беларуска-расейскія адносіны. Думаю, што зусім не адаб’ецца”.

Са спадаром Статкевічам салідарны й былы амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч:

(Марыніч: ) “Тое, што палітыка ў дачыненьні да Беларусі ня зьменіцца, гэта адназначна. То бок прагматычная пазыцыя Расеі перайсьці ў стасунках зь Беларусьсю на рынкавыя адносіны абазначаная асабіста прэзыдэнтам Пуціным летась, і адступленьняў ад гэтага курсу ня будзе”.

А дзейны амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Грыгор’еў у сераду аднавіў сваю працу ў Маскве. Гэта пацьвердзіў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Ён вылецеў адразу, у той жа дзень пасьля таго, як прэзыдэнт яго прыняў”.

Паводле зьвестак з Масквы, амбасадар Грыгор’еў папрасіў пра аўдыенцыю ў Віктара Хрыстэнкі, які часова кіруе ўрадам Расеі. Але іхная сустрэча наўрад ці адбудзецца да паездкі спадара Хрыстэнкі ў Казахстан, дзе адбываецца чарговая сустрэча прэм’ераў краін ЭўрАзЭС – Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, куды ўваходзіць і Беларусь.

Адметна, што ў Астане не плянуецца сустрэчы кіраўніка расейскага ўраду зь ягоным беларускім калегам Сяргеем Сідорскім. Прэсавы сакратар аппошняга Яўген Мялешка пацьвердзіў, што такога мерапрыемства ў графіку няма, а на пытаньне пра адстаўку ўраду Расеі адказаў гэтак:

(Мялешка: ) “Гэта ўнутраная справа Расеі, я так лічу. Таму няма падставаў няікіх рэагаваць неяк”.

(Карэспандэнт: ) “Прэм’ер Сідорскі ніяк не рэагаваў?”

(Мялешка: ) “Не. Мне пакуль наагул невядомая ягоная рэакцыя”.