ЛУКАШЭНКА ВЫБЫЎ ЗЬ ДЗЯСЯТКІ НАЙГОРШЫХ ДЫКТАТАРАЎ СЬВЕТУ

Кастусь Бандарук, Прага

Бясслаўны сьпіс адкрывае лідэр Паўночнай Карэі 63-гадовы Кім Чэн Ір, які кіруе сваёй галоднай краінай цягам 9 гадоў і які ўжо другі год запар лічыцца найгоршым дыктатарам у сьвеце. На другім месцы апынуўся 71-гадовы генэрал Тан Швэ, які цягам 11 гадоў цьвёрдай рукою кіруе азіяцкай краінай Бірмай. Трэцяе месца займае 61-гадовы лідэр Кітаю, які пры ўладзе знаходзіцца ўсяго два гады. Амаль чвэрць стагодзьдзя, з 80 году, руйнуе Зымбабвэ прэзыдэнт гэтай краіны – 80-гадовы Робэрт Мугабэ, які ў сьпісе займае чацьвертае месца. Гэтулькі ж гадоў абсалютнаму ўладару Савудаўскай Арабіі прынцу Абдулу, які стаіць на чале сямейнага ўраду з 1995 году. На 6 месцы ў сьпісе – кіраўнік Экватарыяльнай Гвінэі Тэадора Абіян Нгуема. Яму 61 год, ён ўзначальвае краіну з 1979 году. На сёмым месцы ў сьпісе найгоршых дыктатараў – лідэр Судану 59-гадовы Амар-Аль-Шарыф, які кіруе краінай з 1989 году.

У якасьці адзінага прадстаўніка рэспублік былога Савецкага Саюзу на 8 месцы апынуўся прэзыдэнт Туркмэністану Сапармурат Ніязаў. Ён мае званьне “Туркмэнбашы” – бацька народу, узначальвае краіну цягам 13 гадоў і мае права займаць гэтую пасаду пажыцьцёва.

Перадапошняе, 9-е месца прыпала абсалютнаму чэмпіёну сярод самых нязьменных дыктатараў, кубінскаму прэзыдэнту Фідэлю Кастра. На 10 месцы – адносна малады кароль Свазіленду, 35-гадовы Мсваты Трэці, які кіруе краінай з 1986 году.

У параўнаньні зь перадапошнім сьпісам, у найноўшым рэйтынгу няма чатырох лідэраў. У жніўні летась пад ціскам міжнароднай супольнасьці падаў у адстаўку і ўцёк у суседнюю Нігерыю прэзыдэнт Лібэрыі Чарльз Тэйлар. Ён адказны за разбуральную грамадзянскую вайну ды зруйнаваньне краіны і абвінавачваецца ў ваенных злачынствах.

Пры канцы мінулага году, некалькі месяцаў пасьля адхіленьня ад улады быў захоплены ў палон ірацкі дыктатар Садам Хусэйн. Сьпіс ягоных злачынстваў вялізны, і праўдападобна, ён хутка стане перад ваенным трыбуналам.

Зь першай дзясяткі выпаў лібійскі дыктатар Муамар Кадафі. Пасьля трох дзясяткаў гадоў напружаных адносінаў з Захадам ён часткова зьмяніў сваю палітыку. Кадафі згадзіўся выплаціць кампэнсацыі сем’ям ахвяраў катастрофы самалёту ў 1988 годзе, у якую была замяшаная Лібія, а таксама заявіў аб гатоўнасьці адмовіцца ад праграмаў у галіне зброі масавага зьнішчэньня.

Што тычыцца Аляксандра Лукашэнкі, дык паводле міжнародных арганізацыяў, ягоны рэйтынг палепшыўся часткова таму, што ў першую дзясятку найгоршых дыктатараў увайшлі лідэры Кітаю, Сырыі і Свазіленду. Паводле рэйтынгу часопісу “Parade”, летась палітыка беларускага кіраўніка ў галіне правоў чалавека ў асноўным не зьмянілася, але пры ацэнцы 2003 году нельга Лукашэнку абвінаваціць у новых цяжкіх злачынствах.