ЛІДЭРЫ І ПРАДСТАЎНІКІ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ НАВЕДАЛІ ЛІТВУ

Тацяна Поклад, Вільня

Арганізаваў гэты дзвухдзённы візыт Беларускі інстытут – недзяржаўная літоўская арганізацыя, заснавальнікамі і актывістамі якой ёсьць вядучыя супрацоўнікі Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Літвы (далучанага да Віленскага ўнівэрсытэту). У Літву прыехалі больш за 30 прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі – партый, грамадзкіх аб’яднаньняў, недзяржаўных арганізацый, – лідэры Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” і народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”, у іх ліку – старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, каардынатары грамадзянскай ініцыятывы Хартыя’97 Андрэй Саньнікаў, Людміла Гразнова, сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў, першы сакратар Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, старшыня "Грамадзянскіх ініцыятываў" Віктар Карніенка, лідэр беларускай партыі працы Аляксандар Бухвостаў, лідэр Беларускай партыі зялёных Алег Грамыка.

Як паведаміў Анатоль Лябедзька, абмяркоўвалася каардынацыя дзеяньняў перад выбарамі і была прынятая дамова пра маральны абавязак быць стрыманымі ў ацэнках дзейнасьці сваіх калегаў – прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, мець на ўвазе, што агульны апанэнт для ўсіх іх – Аляксандар Лукашэнка і аўтарытарная сыстэма. Цягам сустрэчаў у Вільні аналізаваліся рэсурсы дзеля супольнае працы апазыцыі, канкрэтныя крокі ў перадвыбарчай працы, у тым ліку праца адзіным сьпісам.

Цягам гэтага візыту адбылася нефармальная сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазыцыі са сьпікерам Сойму Літвы Артурасам Паўлаўскасам, які пацьвердзіў сталую ўвагу літоўскага парлямэнту да беларускага пытаньня і кантактаў зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Адбылася сустрэча і зь іншымі літоўскімі парлямэнтарамі – Вітаўтасам Ляндзбэргісам (адзін з лідэраў кансэрватараў), Ёнасам Чэкуолісам (старшыня дэлегацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы) і Вацлавам Станкевічам (сябра гэтае дэлегацыі, старшыня парлямэнцкай камісіі па справах НАТО).

Лідэры беларускай апазыцыі мяркуюць, што Літва можа дапамагчы Беларусі вярнуцца ў эўрапейскую супольнасьць. Нагадаю, што ў Літве беларускі лад вызначаюць як аўтарытарны рэжым, Літва прытрымліваецца пазыцыі крытычнага дыялёгу са сваёй суседкай і імкнецца спрыяць пераадоленьню яе ізаляцыі. У літоўскім парлямэнце існуе група парлямэнцкіх сувязяў з Вярхоўным Саветам Беларусі 13-га скліканьня і з дэмакратычнымі сіламі, якая падтрымлівае сувязі з прадстаўнікамі беларускай апызыцыі. У Сойме Літвы таксама існуе парлямэнцкая група “За добрае суседзтва”, якая прапануе дыялёг з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.