УКАЗ ЛУКАШЭНКІ ПРА ІДЭАЛЯГІЧНУЮ ПРАЦУ – ШТО НАС ЧАКАЕ?

Алег Грузьдзіловіч, Менск

24 лютага ў Беларусі пачаў дзейнічаць указ Аляксандра Лукашэнкі аб кадравым забесьпячэньні ідэалягічнай працы. Гэтым указам значна павялічваюцца штаты супрацоўнікаў ідэалягічных аддзелаў дзяржаўных органаў і ўводзіцца жорсткая вэртыкаль падпарадкаваньня ідэолягаў вышэйшым чыноўнікам.

Іосіф Навумчык, які цяпер узначальвае Віцебскую абласную філію Таварыства беларускай мовы, у 1980-х гадох працаваў у Віцебскім абкаме КПБ. Ён згадвае, што нават у тыя часы ідэалягічны аддзел абкаму налічваў толькі 8 чалавек, што ўдвая менш, чым штат ідэалягічнага ўпраўленьня вобласьці згодна з новым указам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Іосіфа Навумчыка, ідэалягічная праца ў тыя часы была больш разнастайная, але ў межах адной ідэалёгіі яна ўсё роўна вяла да культу адной асобы. Цяпер, лічыць Іосіф Навумчык, гэта робіцца мэтанакіравана.

(Навумчык: ) “Тая дзяржаўная ідэалёгія, якая зараз прапагандуецца, гэта проста зьдзек зь беларускай дзяржаўнасьці. Бо адсутнічае галоўнае – клопат аб ўмацаваньні самой беларускай дзяржаўнасьці. А ў цэнтры ўвагі – умацаваньне асабістай улады Аляксандра Лукашэнкі, узвышэньне ягонай асобы. Прыкладам, пра гэта сьведчаць інструкцыі, якія зараз распаўсюдзілі міністэрствы адукацыі і культуры. Патрабуюць, каб у кожнай клясе, у кожнай установе былі абавязкова разам з гербам і сьцягам партрэты Аляксандра Рыгоравіча”.

Згодна з новым указам Аляксандра Лукашэнкі, у органах дзяржаўнай улады будуць працаваць больш за 500 штатных ідэёлягаў. Да гэтай катэгорыі чыноўнікаў варта дадаць яшчэ і кіраўнікоў, якім загадана наладжваць ідэалягічную працу ў прамысловасьці і сельскай гаспадарцы. Варта зазначыць, што пасаду намесьнікаў па ідэалёгіі патрабуецца ўвесьці ня толькі на дзяржаўных прадпрыемствах, але і ў іншых арганізацыях, калі ў іх працуе больш за 1000 чалавек. Ці дапаможа гэта прапагандзе асобы Аляксандра Лукашэнкі сярод працоўных?

Падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году дырэктарскі корпус Беларусі вырашыў падтрымліваць кандыдатуру прэм’ера Вячаслава Кебіча. Дзейны ідэалягічны апарат тых часоў актыўна прапагандаваў ягоную кандыдатуру, але з гэтага нічога не атрымалася. “Гэтак сама будзе і з новай ідэалягічнай сыстэмай, бо справы сьведчаць лепш за любыя ідэалягічныя загады. Ня толькі рабочыя, але і дырэктары будуць глядзець на гэтых ідэолягаў як на “стукачоў” ды “дармаедаў”, – гэтак пракамэнтаваў новы ўказ Аляксандра Лукашэнкі адзін былы дырэктар буйнога акцыянэрнага таварыства.