АНДРЭЙ ПІЯНТКОЎСКІ: АДСТАЎКА ЎРАДУ РАСЕІ – ЖЭСТ АДЧАЮ

Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Сп. Піянткоўскі, чым, на Ваш погляд, можна патлумачыць рашэньне прэзыдэнта Пуціна аб адстаўцы ўраду Касьянава? Чаму не на пачатку прэзыдэнцкай кампаніі, чаму не пасьля яе, пасьля чаканай перамогі, а менавіта цяпер?”

(Піянткоўскі: ) “Мы з вамі як былыя савецкія людзі ў свой час глядзелі стужку "17 імгненьняў вясны". І Штырліц у такіх выпадках казаў: "Штосьці ў іх там наверсе ня сходзіцца". Гэта якраз той выпадак. Зараз і ўладзе ў цэлым, і штабу Пуціна робіцца зразумелым, што прэзыдэнцкая выбарчая кампанія ператвараецца ў відавочны фарс. Невыпадкова адстаўка ўраду супала з заявамі Хакамады і Глазьева пра тое, што яны здымаюць свае кандыдатуры. Тое самае зробяць Харытонаў і Рыбкін. І тады гэта будзе двубой Пуціна з ахоўнікам Жырыноўскага. Ёсьць неабходнасьць рэзка ажывіць хаду кампаніі. Гэта патрэба ня толькі псыхалягічная, але і юрыдычная. Калі яўка на выбары меншая за 50%, выбары прызнаюцца несапраўднымі. Гэта – палітычная катастрофа для Пуціна. Я мяркую, што адстаўка Касьянава будзе суправаджацца ўзмацненьнем іміджу Пуціна як змагара з алігархамі, і былы ўрад Касьянава будзе абвешчаны абаронцам ці выразьнікам інтарэсаў алігархіі. Я мяркую, што гэта – жэст адчаю, які паказвае вельмі кепскую хаду прэзыдэнцкай кампаніі”.

(Дракахруст: ) “Уладзімер Пуцін у сваім тэлезвароце патлумачыў, што адстаўка ўраду прадыктаваная жаданьнем яшчэ раз вызначыць пазыцыю ў пытаньні, якім будзе курс краіны пасьля 14 сакавіка 2004 году. Але які такі новы курс увасабляе сабою Віктар Хрыстэнка?”

(Піянткоўскі: ) “Прызначэньне Хрыстэнкі – тэхнічнае. У нас паводле закону пасьля адстаўкі ўраду па ўказу прэзыдэнта выканаўцам абавязкаў прэм’ер-міністра прызначаецца першы намесьнік. Мяркую, што найбліжэйшым часам пераемнік Касьянава будзе названы. І запэўніваю вас, што гэта будзе не Хрыстэнка, а, зноў зьвяртаючыся да "17 імгненьняў", гэта будзе "сапраўдны чэкіст, бязьлітасны да ворагаў рэйху", напрыклад, Сяргей Барысавіч Іваноў. У апошнія 10 дзён да выбараў будзе прадстаўленая не дэталёвая эканамічная праграма, а набор лёзунгаў пра алігархію і барацьбу зь імі”.