ДЭПУТАТ БУНДЭСТАГУ ЗАЗНАЧАЕ ПАГАРШЭНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ СЫТУАЦЫІ

Ул. інф.

На працягу трох дзён у Беларусі нямецкі палітык у тым ліку адсочвае і драматычную гісторыю расейска-беларускіх газавых дачыненьняў. Пра змрочныя пэрспэктывы, якія ў выпадку высокіх коштаў расейскага паліва настануць для многіх беларускіх грамадзянаў, гавораць у часе імпрэзы і беларускія калегі спадара Таўса — парлямэнтары. Пра тое, як гэтая гісторыя цесна зьвязала паміж сабой Беларусь, Літву, Польшчу і Нямеччыну, гаварыў у часе адкрыцьця канфэрэнцыі міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў. Наколькі пераконваюць Захад гэтыя словы? Ці на карысьць Беларусі будзе той далейшы лядовы пэрыяд у дачыненьнях з Захадам у кантэксьце газавай гісторыі?

(Таўс: ) “Газавая гісторыя ні пры чым, калі размова ідзе пра зьмены стаўленьня ў дачыненьні да Менску. Гэта праблема, якая датычыць Расеі й Беларусі. Нашая пазыцыя такая: гэта выключна двухбаковыя кантакты. Хаця відавочна, што са спыненьнем газавых паставак сытуацыя ў краіне — сацыяльная, эканамічная і палітычная — будзе пагаршацца надалей. Мы спадзяёмся, што адпаведнае рашэньне будзе прынятае. Калі штосьці будзе залежаць ад нас, мы, канечне ж, будзем садзейнічаць, аднак прынцыпова гэта ёсьць праблема дзьвюх краінаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Але вось беларускі міністар сказаў учора пра тое, што Літва, Польшча, Нямеччына — браты Беларусі з заходняга боку. Маўляў, тое, што Менск прыняў ня надта выгадныя для яго расейскія ўмовы, зьвязана з клопатам Беларусі і пра ягоных заходніх братоў таксама. Тыя б таксама былі адключаныя ад газу”.

(Таўс: ) “Нейкага кроку да пераменаў у пазыцыі Менску ў гэтых словах мы пакуль ня бачым. На жаль, беларуская сытуацыя не такая, каб тут штосьці паляпшалася. Палітычнае разьвіцьцё у краіне надзвычай цяжкае. Значна пагоршылася сытуацыя са свабодай прэсы, зь няўрадавымі арганізацыямі. Канечне, мы зацікаўленыя ў тым, каб дачыненьні паляпшаліся і каб наступныя прэзыдэнцкія выбары сталі крокам да новых стасункаў зь міжнароднай супольнасьцю. Але ж рэальна… Пакуль могуць разьвівацца толькі неафіцыйныя кантакты паміж народамі. Аднак не кантакты на ўзроўні ўраду ці парлямэнту”.

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі мне вядома, беларускае пытаньне ня надта дыскутуецца ў асяродку нямецкіх парлямэнтароў, нягледзячы на тое, што ад траўня гэтая краіна стане непасрэдным суседам Эўразьвязу, прычым суседам даволі праблематычным”.

(Таўс: ) “Сапраўды, нашыя дэпутаты часьцей дыскутуюць на тэму Польшчы ці Расеі. Сам я лічу, што мы мусім мець больш моцную зацікаўленасьць у Беларусі як краіне, якая знаходзіцца паміж імі. Канечне, усе мае калегі прыводзяць аргумэнт: мы зацікаўленыя ў тым, каб сытуацыя ў Беларусі стабілізавалася, аднак гэтае пытаньне залежыць у першую чаргу ад Менску. Менавіта тут мусяць зрабіць крокі ў кірунку рэформаў, свабоды прэсы, грамадзкіх аб’яднаньняў. Што да нашае эканамічнай падтрымкі, на якой акцэнтуе ўвагу беларускі ўрад, то эканамічна нельга выправіць сытуацыю, калі палітычна ўсё так дрэнна, як цяпер”.