“ЛУКАШЭНКА АТРЫМЛІВАЕ ВЫНІК ТОЙ ПАЛІТЫКІ, ЯКУЮ ЁН ПАСЬЛЯДОЎНА ПРАВОДЗІЎ АМАЛЬ ДЗЕСЯЦЬ ГАДОЎ”

РСЭ/РС

Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Аб паліўным канфлікце паміж Беларусяй і Расеяй.

Расейская газавая кампанія, якая кантралюецца Крамлём, распачала паліўны шантаж Беларусі. Лукашэнка атрымлівае вынік той палітыкі, якую ён пасьлядоўна праводзіў амаль дзесяць гадоў – ліквідацыі, крок за крокам, найважнейшых элемэнтаў палітычнага і эканамічнага сувэрэнітэту і прывязкі беларускай эканомікі да Расеі. Рада БНР неаднаразова папярэджвала, што закладнікам прарасейскай палітыкі Лукашэнкі будзе беларускі народ. Цяпер Масква з дапамогай паліўнага шантажу спрабуе рэалізаваць імпэрскія пляны поўнага кантролю над Беларусяй.

Рада БНР лічыць неабходнай як найхутчэйшую дэнансацыю гэтак званых “саюзных” беларуска-расейскіх “дамоваў”, а таксама аднаўленьня самастойнай мытні, незалежнай грашова-фінансавай сыстэмы. Беларусь павінна выйсьці з сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД, якая каардынуецца маскоўскім генштабам, а расейскія вайсковыя базы павінны быць выведзеныя з тэрыторыі краіны. У разьліках з Расеяй Беларусь павінна перайсьці на рынкавыя кошты.

Рада БНР лічыць наіўнымі спадзяваньні, што Крэмль дапаможа замяніць Лукашэнку на іншага, дэмакратычнага кіраўніка. Усялякі прызначэнец Масквы будзе клапаціцца выключна пра расейскія інтарэсы. Беларускі народ павінен мець магчымасьць зрабіць уласны, беларускі выбар, абраўшы сумленнае, прафэсійнае кіраўніцтва.

Рада БНР перакананая, што пасьля правядзеньня вольных выбараў ды ажыцьцяўленьня дэмакратычных рэформаў Беларусь будзе здольная скарыстаць сваё ўнікальнае геапалітычнае становішча і стварыць эфэктыўную эканоміку. Найважнейшым жа рэсурсам былі і застаюцца талент і працаздольнасьць беларускага народу.