БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА ПЕРАДАЕ СВАЕ ХВАЛІ ЎКРАІНСКАЙ “СВОБОДЕ”

РСЭ/РС

Гаворыць дырэктар Беларускай службы радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

(Лукашук: ) "Нашыя калегі з украінскай службы патрапілі ў цяжкую сытуацыю. Ад сёньняшняга дня слухачы ў большасьці рэгіёнаў Украіны страцілі магчымасьць слухаць “Свабоду” на 16 FM-станцыях сеткі “Довіра”. (У шасьці гарадах “Свабоду” працягваюць рэтрансьляваць іншыя станцыі– партнэры) Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, мільёны людзей слухалі “Свабоду” на “Довіры”, дома ў офісах, у аўтамабілях – гэта было зручна, якасьць сыгнала была выдатная, не залежала ад надвор’я ці часу дня, і вось жа гэтыя частоты анямелі. У гэтай сытуацыі мы пайшлі на выручку нашым суседзям, на гадзіну перадаўшы ім сваю частату.

Кампанія “Довіра” нядаўна памяняла ўладальнікаў. Новае кіраўніцтва кампаніі, якое набліжанае да прэзыдэнта Леаніды Кучмы, у лісьце на адрас “Свабоды” гаворыць пра несупадзеньне фарматаў вяшчаньня. Тут адразу некалькі пытаньняў – па першае, гэтая праблема ніколі не абмяркоўвалася паміж “Свабодай” і новым кіраўніцтвам. Па другое, праграмы “Свабоды” на “Довіры” мелі самы высокі рэйтынг слуханьня. Не спрацоўвае і камэрцыйнае тлумачэньне – нават калі замяніць увесь час вяшчаньня на рэкляму, нават тады прыбытак не пакрыў бы страты “Довіры” ад разарванага кантракту. Прэзыдэнт Радыё Свабода Томас Дайн асудзіў спыненьне рэтрансьляцыі як “палітычны акт, накіраваны супраць лібэральнай дэмакратыі, супраць свабоды слова і друку, супраць РС/РСЭ, які сьведчыць пра тое, што кіраўніцтва Украіны няздольнае жыць у адкрытым грамадзтве і вымушанае кантраляваць СМІ як за часамі Савецкага Саюзу.”

Сёлета ва Украіне пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Адключэньне “Свабоды” выклікала хвалю міжнародных пратэстаў, апазыцыйны друк паведамляе пра “Свабоду” на першых палосах, з пратэстамі выступаюць палітыкі і парлямэнтары, на адрас украінскай службы ідуць сотні тэлефанаваньняў, лістоў, прыходзяць людзі, пытаюцца, чым дапамагчы. Калегі далі ў эфіры нумар тэлефону “Довіры”, яе офісы літаральна атакавалі званкамі абурэньня. У Кіеве плянуюцца мітынгі пратэсту ля офісу “Довіры”.

У Беларусі Радыё Свабода ня мае і ніколі ня мела рэтрансьляцыі сваіх перадачаў унутры краіны. Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, куды Радыё Свабода вяшчае выключна з-за мяжы".