ПАСТАЎКІ ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ МОГУЦЬ СПЫНІЦЬ ЗАЎТРА РАНІЦАЙ

Юлія Шарова, Менск

360 мільёнаў кубамэтраў газу, якія “Транс Нафта” абавязвалася паставіць у Беларусь, вычэрпваюцца. Як паведаміў у размове са мной прэзыдэнт кампаніі Тарыэль Гусэйнаў, пастаўка павінна спыніцца заўтра. Падставай для гэтага стане тэлеграма, накіраваная ў “Газпром”.

(Гусэйнаў: ) “У нас з “Газпромам” дамова пра транспартаваньне, і ён абавязаны нашыя запыты выконваць. Дыспэтчары аб’ёмы ведаюць — я думаю, раніцай, гадзіны да дзясятай…”

Сёньня — апошні дзень, калі “Белтрансгаз” мог заключыць новы кантракт, але прадстаўнікі беларускага газатранспартнага прадпрыемства ініцыятывы ня выявілі. Не зьвяртаўся “Белтрансгаз” і да іншага незалежнага пастаўшчыка газу — кампаніі “Ітэра”. Як паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар кампаніі Яўгені Астапаў, беларускі бок па-ранейшаму не адрэагаваў на прапановы ў справе далейшага супрацоўніцтва, накіраваныя яшчэ 5 лютага.

Новых спробаў афіцыйных перамоваў з “Газпромам” сёньня таксама не было. Крыніцы ў “Газпроме” сьцьвярджаюць, што генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Пётар Пётух не сустракаўся ні са старшынём праўленьня Аляксеем Мілерам, ні зь іншымі прадстаўнікамі кіраўніцтва кампаніі. Тым часам у “Белтрансгазе” гавораць, быццам спадар Пётух усё яшчэ не вярнуўся з маскоўскай камандзіроўкі.

Такім чынам, інфармацыі пра новыя кантракты на пастаўку газу ў краіну няма. Між тым, кампанія “Транс Нафта”, якая апошнія паўтара месяца забясьпечвала Беларусь палівам, заяўляе пра сур’ёзныя фінансавыя прэтэнзіі да “Белтрансгазу”. Са словаў прэзыдэнта кампаніі Тарыэля Гусэйнава, за пастаўлены сёлета газ беларусы вінныя “Транснафце” агулам ужо 42 мільёны даляраў.

(Гусэйнаў: ) “Мы ніводнай капейкі не зарабляем. Далей цяжка казаць, я ня ведаю, чым для нас гэта скончыцца. 16 зь лішкам мільёнаў за студзень недаплачана, а паводле кантракту, яны павінны кожны месяц рабіць перадаплату. Перадаплаты за люты наогул няма”.

Тарыэль Гусэйнаў таксама нагадаў пра тое, што “Белтрансгаз” гэтак і не падпісаў акту прыёмкі-здачы газу за студзень. Гэта пагражае расейскай кампаніі невяртаньнем 16 мільёнаў даляраў, якія Беларусь ня выплаціла пастаўшчыку паводле студзеньскага кантракту.