Да позьняга вечару ня гасла сьвятло на 16-ці паверхах гмаху Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі па вуліцы Макаёнка. Супрацоўнікі кампаніі абмяркоўвалі сытуацыю пасьля зняцьця з пасады свайго старшыні Ягора Рыбакова.
На сустрэчу з кіраўнікамі структурных падраздзяленьняў прыехалі намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі і прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч. Яны ня сталі праясьняць, якія канкрэтна парушэньні закону зрабіў цяпер ужо былы кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў. Размова вялася аб узроўні творчасьці ў кампаніі, перадусім на тэлебачаньні.
Прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі падкрэслілі неадпаведнасьць мэтаў і статусу Першага нацыянальнага каналу з тым, што бачаць на экране гледачы. Так, спадар Праляскоўскі адзначыў: цяпер канал хутчэй можна назваць каналам для тынэйджэраў альбо музычным каналам. Паводле ягонай ацэнкі, Першаму нацыянальнаму бракуе сур’ёзных ідэяў і праграмаў.
Тут варта адзначыць, што з прыходам Ягора Рыбакова, які два з паловай гады таму зьмяніў раптоўна памёршага Валерыя Скварцова, на тэлебачаньні адбыўся значны кадравы ператрус. Сюды прыйшло працаваць мноства зусім яшчэ маладых людзей, якія, як лічаць адмыслоўцы, пачалі ствараць тэлебачаньне, так бы мовіць, адпаведнае іхнаму ўзросту.
Перад новым кіраўніком, сказалі прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі, будзе пастаўленая задача ўзняць якасьць перадачаў.
Натальля Пяткевіч, якую, дарэчы, адразу пасьля звальненьня Ягора Рыбакова разглядалі як магчымага новага старшыню Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, сказала, што людзі, якія сядзяць перад калектывам, на гэтую пасаду не прэтэндуюць. Паколькі ўсе зразумелі, што гаворка ішла непасрэдна аб Пяткевіч і Праляскоўскім, то, падобна, што прэсавага сакратара кіраўніка дзяржавы на самой справе можна выключыць са сьпісу прэтэндэнтаў.
Што ж тычыцца новага кіраўніка кампаніі, то, паводле паведамленьня прадстаўнікоў прэзыдэнцкай адміністрацыі, ім будзе чалавек, які добра ведае гэтую справу. Таму, сярод магчымых прэтэндэнтаў, акрамя Аляксандра Зімоўскага, пачалі ўзгадваць і цяперашняга намесьніка міністра інфармацыі Сяргея Булацкага, які ў часы Вячаслава Кебіча працаваў намесьнікам старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі.