ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПОЛАЧЧЫНЫ ПАДТРЫМАЛІ АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫ СТРАЙК

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Заклік не выходзіць 12 лютага на працу падтрымалі гандляры рэчавых кірмашоў Полацку ды Наваполацку. На кірмашовых пляцах сёньня як ніколі пустэльна, і тут адно пануе зімовы вятрыска. Трэба сказаць, што наваполацкія гандляры былі першыя, хто падтрымаў сваіх калегаў — віцебскіх галадоўнікаў. 3 і 4 лютага на знак салідарнасьці яны ня выйшлі на працу, прычым да страйку — ці не ўпершыню ў гісторыі страйкавага руху — далучыліся гандляры крытых рынкаў. Як паведаміў Радыё Свабода старшыня Незалежнага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Полаччыны Валер Шаўчэнка, улады з гэтае нагоды зрабілі ўсё, каб сарваць сёньняшні страйк.

Гаворыць Валер Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Сёньня практычна ў поўным складзе страйкуюць гандляры адкрытых рынкаў Полацку й Наваполацку. У той жа час гандляры крытых рынкаў і іх уладальнікі зазналі ціск з боку ўладаў. Ім было адкрыта заяўлена: калі спыніцца праца, іх пазбавяць ліцэнзіяў. Тым ня менш, шмат хто з прадпрымальнікаў крытых рынкаў і гандлёвых цэнтраў сёньня на працу ня выйшаў. Нашы патрабаваньні: не мяняць статусу рынкаў на гандлёвыя цэнтры, а статусу гандлёвых месцаў — на крамы. Пакінуць існы парадак “растаможкі” тавараў прадпрымальнікаў, што працуюць па адзіным падатку”.

Паводле спадара Шаўчэнкі, улады спадзяваліся, што, загнаўшы гандляроў у ралеты, тыя спыняць змаганьне за свае інтарэсы, але, як паказвае практыка, спадзеўкі гэтыя сталіся марнымі.

Да пачатку страйку ў Наваполацку быў выдадзены адмысловы нумар незалежнага інфармацыйнага бюлетэню “Народны прадпрымальнік”, прысьвечаны падзеям апошніх дзён. Частка яго накладу была перапраўленая ў Віцебск ды іншыя гарады рэгіёну.