ПАМЁР ПАЛКОЎНІК КУКЛІНЬСКІ – ГЕРОЙ-ЗДРАДНІК

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Рышард Кукліньскі быў завэрбаваны ў 1970 годзе ў часе вайны ў Віетнаме і цягам 11 гадоў перадаў ЦРУ больш за 35 тысячаў старонак сакрэтных дакумэнтаў, дзе былі падрабязна апісаныя вайсковыя пляны Польшчы, Савецкага Саюзу і Варшаўскага блёку.

Сярод іншага, палкоўнік Кукліньскі перадаў амэрыканцам пляны Масквы, што тычыліся магчымага ўзброенага ўварваньня савецкіх войскаў у Польшчу у сувязі з паўстаньнем “Салідарнасьці” і намеру Войцэха Ярузэльскага ўвесьці ваеннае становішча ў краіне.

У 1981 годзе пры дапамозе амэрыканскіх спэцслужбаў Рышард Кукліньскі разам з сям’ёй уцёк у ЗША, пасьля чаго суд сацыялістычнай Польшчы прысудзіў яму сьмяротнае пакараньне за здраду і шпіянаж.

Ягоныя ўцёкі знаўцы спэцслужбаў дагэтуль называюць цудам, а на радзіме палкоўнік Кукліньскі для адных стаўся легендарным патрыётам, а для іншых – звычайным здраднікам.

Гаворыць былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса:

(Валэнса: ) “Палкоўнік Кукліньскі быў шпіёнам у слушнай справе. Ён зрабіў шмат вялікіх рэчаў, на якія мала хто б адважыўся. Трэба памятаць, што гэта быў асаблівы час, калі людзі вымушаныя былі паступаць па-рознаму. Я веру, што цяпер у нас ня будзе неабходнасьці рабіць такі выбар”.

На пачатку 90-х у ЗША пры нязнаных акалічнасьцях загінулі абодва сыны Рышарда Кукліньскага.

Сьмяротны прысуд у справе палкоўніка быў скасаваны ў 1997 годзе, яму вярнулі польскае грамадзянства, бо, як пастанавіла вайсковая пракуратура, “Кукліньскі дзейнічаў на карысьць Польшчы і ягоныя дзеяньні былі абумоўленыя вышэйшай неабходнасьцю”.

Сёлета палкоўнік Рышард Кукліньскі зьбіраўся вярнуцца на радзіму.