КНІГУ ЎЛАДЗІМЕРА АРЛОВА “КРАІНА БЕЛАРУСЬ” ВЫКЛЮЧЫЛІ СА СЬПІСУ ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ЗВАНЬНЕ НАЙЛЕПШАЙ КНІГІ ГОДУ

Галіна Абакунчык, Менск

“Кнігі Беларусі-2004” — штогадовая міжнародная выстава-кірмаш, якая сёлета пройдзе адзінаццаты раз. І традыцыйна адмысловая экспэртная камісія вылучае на прэзэнтацыю найлепшую кнігу году паводле зьместу, мастацкіх і тэхнічных вартасьцяў. Паводле папярэдняга адбору, сёлета такой была названая кніга “Краіна Беларусь”. Аднак у выніку галасаваньня яна не ўвайшла нават у тройку найлепшых. Мастак Зьміцер Герасімовіч, які аздабляў “Краіну Беларусь” кажа, што гэта ня першы выпадак забароны на папулярызацыю выданьня й на гэта ёсьць палітычная замова. Гаворыць Зьміцер Герасімовіч:

(Герасімовіч: ) “Першыя праблемы ў мяне былі з прэзэнтацыяй кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы, была адмова ў прэзэнтацыі. Затым у Інстытуце праблемаў культуры было адназначна сказана, што такіх праектаў мы не падтрымліваем. Крыху больш мякка, але тое ж і ў Нацыянальным музэі. Я думаю, што па інэрцыі бюракратычны апарат арганізаваўся, і гэтая кніга адназначна была забароненая зьверху. Нашая гісторыя — гэта палітыка”.

У Міністэрстве інфармацыі, якое ёсьць адным з арганізатараў выставы-кірмашу, заяўляюць, што галоўнай прычынай ёсьць тое, што “Краіну Беларусь” нельга назваць айчынным выданьнем, паколькі кніга друкавалася ў Славаччыне. Гаворыць кансультант Міністэрства інфармацыі й сябра конкурснай камісіі Валеры Рагалевіч:

(Рагалевіч: ) “Мы найлепшае выданьне году ня можам даваць заходняму выдавецтву, у нас так не прынята. “Краіна Беларусь” атрымала першы дыплём, але першых дыплёмаў у нас шмат. А вось намінацыю — “За ўклад у захаваньне духоўнай спадчыны” — каб вы ведалі”.

Спадар Рагалевіч пацьвердзіў, што друкаваныя за мяжой выданьні іншых аўтараў называлі найлепшымі кнігамі ў мінулыя гады, але патлумачыў гэта пазыцыяй тагачаснага кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі. Аднак пісьменьнік Уладзімер Арлоў перакананы, што галоўнай прычынай забароны на “Краіну Беларусь” сёлета ёсьць ня месца друку выданьня, а зьмест і асоба аўтараў кнігі. Гаворыць Уладзімер Арлоў:

(Арлоў: ) “Нашая ўлада, на жаль, баіцца гісторыі. Невыпадкова мае кнігі, прысьвечаныя гісторыі апошнімі гадамі выходзяць па-беларуску, але за межамі Беларусі. Калі казаць пра “Краіну Беларусь”, то мы са Зьмітром Герасімовічам імкнуліся падкрэсьліць, што ў нас, у беларусаў, эўрапейская гісторыя, а гэта своеасаблівы пропуск у эўрапейскую будучыню. Відаць, некаму вельмі ня хочацца эўрапейскай будучыні для нашай краіны”.

Адметна, што Аляксандар Лукашэнка ўзнагароджваў пераможцаў школьных алімпіядаў мінулага году менавіта кнігай спадара Арлова “Краіна Беларусь”.