АМЭРЫКАНСКІЯ ВАЕННЫЯ ЗНАЙШЛІ СЬВЕДЧАНЬНЕ ДАТЫЧНАСЬЦІ АЛЬ-КАЙДЫ ДА ТЭРАКТАЎ У ІРАКУ

Віталь Цыганкоў, Менск

Амэрыканскія вайскоўцы перахапілі ліст ярданца Абу Мусабі Заркаві, у якім той дае справаздачу пра 25 дывэрсіяў, што правялі ў Іраку баявікі Аль-Кайды. Заркаві, які летась завочна быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня ярданскім судом за шэраг нападаў на амэрыканскія і ізраільскія аб’екты, таксама абвінавачваецца ў арганізацыі забойства амэрыканскага дыплямата Лоўрэнса Фоўлі у Амане ў 2002 годзе. У Іраку Заркаві, як мяркуецца, стаіць за некалькімі найбуйнейшымі тэрактамі, такімі як бамбаваньне штаб-кватэры ААН у Багдадзе, напад на храм у сьвятым для шыітаў гораде Наджаф ды іншыя. Вашынгтон прызначыў 5-мільённую ўзнагароду за інфармацыю, якая можа дапамагчы злавіць і асудзіць Заркаві. Менавіта гэтае прозьвішча называў перад уварваньнем у Ірак дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл, даказваючы магчымыя сувязі паміж рэжымам Садама Хусэйна і міжнароднымі тэрарыстычнымі групоўкамі. Паводле Паўэла, знойдзены ліст узмацняе слушнасьць амэрыканскіх цьверджаньняў, што Заркаві знаходзіўся ў Іраку напярэдадні зрынаньня Хусэйна.

У сваім лісьце Заркаві просіць кіраўнікоў Аль-Кайды дапамагчы запаліць міжканфэсійную вайну паміж шыітамі і сунітамі ў Іраку, што ў выніку прымусіць амэрыканцаў вывесьці свае войскі з краіны. У дакумэнце гаворыцца пра стратэгію нападаў на шыіцкіх лідэраў у спадзяваньні, што гэта справакуе шыітаў, якія складаюць большасьць насельніцтва Іраку, нанесьці ўдар у адказ супраць іншых этнічных групаў краіны.

Аналітыкі кажуць, што гэткая стратэгія даказвае агульныя ідэйныя карані і каштоўнасьці паплечнікаў Заркаві і Аль-Кайды. Гэтыя каштоўнасьці палягаюць у экстрэмісцкім іслямскім руху салафітаў. Салафіты лічаць, што шыіты выйшлі па-за межы сапраўднага, “чыстага”, ісьляму і разглядаюць іх як пагрозу сунітам – галоўнай ісьлямскай плыні.

Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл пракамэнтаваў перахоплены дакумэнт наступным чынам:

(Паўэл: ) “Што тычыцца гэтага ліста, то ён вельмі паказальны. Яны тлумачаць слабасьць сваіх спробаў падарваць дасягненьні кааліцыі, але ў той самы час, ліст даказвае, што яны не здаліся. Яны спрабуюць даставіць больш тэрарыстаў у Ірак, стварыць больш арганізацыяў, каб нанесьці паразу нашым мэтам. Але гэта ім ня ўдасца”.

Трэба адзначыць, што ў перахопленым дакумэнце сярод іншага прызнаецца, што замежныя суніцкія групоўкі маюць вельмі сьціплы посьпех у зьбіраньні іракцаў пад сваімі сьцягамі. Многія іракцы ў іслямскіх традыцыях прымаюць ваяўнікоў як гасьцёў і даюць ім часовае сховішча, аднак не дазвалюць ім выкарыстаўваць сваё жыльлё як базу для далейшых апэрацыяў.

Ісьлямісцкія партызаны, якія прыйшлі ў Ірак з-за мяжы, ёсьць адной з двух асноўных частак антыамэрыканскага супраціву ў Іраку. Іншыя групоўкі, як лічыцца, складаюцца з былых паплечнікаў Садама Хусэйна. Пакуль дакладна невядома, ці дзейнічаюць гэтыя асноўныя групы незалежна ці маюць нейкую каардынацыю паміж сабой.