СЭНАТАР МАККЭЙН: "МЫ ВЫВУЧАЕМ МАГЧЫМАСЬЦІ ЗАБЕСЬПЯЧЭНЬНЯ БОЛЬШАЙ І ЛЕПШАЙ ІНФАРМАЦЫІ ДЛЯ НАРОДУ БЕЛАРУСІ"

Юры Сьвірко, Рыга – Менск

Некаторыя беларускія ўдзельнікі канфэрэнцыі яшчэ знаходзяцца ў Рызе й працягваюць сустрэчы з прадстаўнікамі іншых краін, а лідэры кааліцыі "5+" ужо вярнуліся ў Менск, каб у нядзелю вылецець у Вашынгтон. У сталіцы ЗША сябры "пяцёркі" будуць мець шэраг важных сустрэчаў з амэрыканскімі палітыкамі, якія стануць працягам рыскіх перамоваў з дэлегацыяй Кангрэсу ЗША на чале з сэнатарам Джонам Маккэйнам. Спадар Маккэйн зазначыў у сваёй прамове на канфэрэнцыі ў Рызе, што "ў Беларусі прагрэс кааліцыі "5+" у аб'яднаньні дэмакратычнай апазыцыі ды ў разьвіцьці агульнай плятформы за дэмакратычнай зьмены даў новы імпульс барацьбе за свабоду".

Адразу пасьля размовы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі сэнатар Маккэйн даў эксклюзіўнае інтэрвію радыё “Свабода”, у якім падкрэсьліў, што ён вельмі задаволены гэтай размовай ды ўсёй рыскай канфэрэнцыяй.

(Маккэйн: ) “Я думаю, што гэта важная канфэрэнцыя, якая выказвае моцную падтрымку й заклапочанасьць з боку амэрыканскага Кангрэсу што да будучыні як Беларусі, гэтак і Ўкраіны”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Маккэйн, у сваёй прамове на рыскай канфэрэнцыі Вы назвалі выбітным той прагрэс, які быў зроблены ў справе аб'яднаньня вядучых дэмакратычных сілаў Беларусі, і заахвоцілі беларускую апазыцыю працягваць спробы пашырыць кааліцыю за зьмены. Як Вы думаеце, ці зможа апазыцыя аб'яднацца перад парлямэнцкімі выбарамі?”

(Маккэйн: ) “Я веру ў тое, што яны могуць аб'яднацца. Мы ўсе ведаем важнасьць адзінства ў апазыцыі, і згадаў пра гэта ў сваёй прамове. Але мы знаходзімся тут, каб дапамагчы, а не казаць ім, што рабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Сэнатар, Вы паведамілі, што апытаньне, праведзенае амэрыканскім Міжнародным рэспубліканскім інстытутам, засьведчыла, што беларусы гатовыя да зьменаў, бо звыш 70 адсоткаў выступаюць супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Вы дадалі, што "Захад мае маральны абавязак падтрымаць кампанію, каб скончыць дыктатуру Лукашэнкі". Якая гэта можа быць дапамога?”

(Маккэйн: ) “Мы маем наш Міжнародны рэспубліканскі інстытут, мы вывучаем магчымасьці забесьпячэньня большай і лепшай інфармацыі для народаў Беларусі ды Ўкраіны. Мы будзем працягваць вывучаць спосабы, як мы можам аказаць дапамогу. Мы робім гэта ўва ўсім сьвеце ды будзем працягваць гэта. Падчас нядаўніх выбараў у Грузіі мы вельмі дапамагалі, і новы прэзыдэнт выказаў падзяку за наш унёсак. Такім чынам, мы можам дапамагчы – проста мы павінны быць вельмі асьцярожнымі, узважанымі, працуючы з Кангрэсам, адміністрацыяй і дзяржаўным дэпартамэнтам. Мы вельмі шчыльна працуем разам”.

Нагадаю, што сэнатар Маккэйн заявіў у Рызе: "Злучаныя Штаты ды Эўропа мусяць зрабіць ясным для Масквы, што падтрымка сууседняй аўтакратыі выключыць Расею з кампаніі заходніх дэмакратыяў, і зрабіць падтрымку дэмакратычных зьменаў у Беларусі ўмовай лепшых дачыненьняў паміж Расеяй і Захадам".