У РЫЗЕ СЁНЬНЯ ЗАВЯРШЫЛАСЯ ПРАДСТАЎНІЧАЯ МІЖНАРОДНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ ”БУДУЧЫНЯ ДЭМАКРАТЫІ ПА-ЗА МЕЖАМІ БАЛТЫІ”

Юры Сьвірко, Рыга

Канфэрэнцыя ”Будучыня дэмакратыі па-за межамі Балтыі” адбывалася ўсяго адзін дзень, толькі што яна скончылася. Некаторая частка беларускай дэлегацыі засталася ў Рызе, але прадастаўнікі народнай кааліцыі “5+” ужо вяртаюцца ў Менск – мы цяпер якраз у вагоне цягніка Гомель-Рыга, і я прашу каротка падсумаваць вынікі канфэрэнцыі аднаго зь лідэраў кааліцыі Анатоля Лябедзьку – старшыню АГП.

(Лябедзька:) “Тыя задачы і мэты, якія ставіла кааліцыя 5+, мы выканалі. Першае – мы зрабілі прэзэнтацыю стратэгіі і тактыкі дзеяньня кааліцыі ў сёньняшніх умовах, і што самае станоўчае – яна пераклікаецца з тым, што гаварыў сэнатар МакКэйн. Па-другое, мы засьведчылі даволі высокі ўзровень цікавасьці да Беларусі з боку міжнароднай супольнасьці і спадзяемся, што ў найбліжэйшым часе Эўрапейскі Зьвяз і іншыя арганізацыі будуць мець таксама дакладную тактыку і стратэгію дзейнасьці ў адносінах да Беларусі”.

Дадам, што сп. Лябедзька прапанаваў на канфэрэнцыі стварыць адмысловую камісію Эўразьвязу, якая б займалася Беларусьсю, і каб гэтая камісія не паўтарыла лёс менскага офісу АБСЭ. Таксама Анатоль Лябедзька прапанаваў, каб гэтая камісія базавалася ў нейкай суседняй дзяржаве – у Рызе, Вільні або Варшаве – і каб мела пэўны мандат на дзеяньні ў Беларусі ці на кантакты зь Беларусьсю, бо цяпер нейкага адзінага эўрапейскага цэнтру, які б меў дачыненьні зь Беларусьсю, няма.

Сэнатар МакКэйн распачаў свой выступ на канфэрэнцыі з таго, што нагадаў, як калісьці магутны Садам Хусэйн, які тэрарызаваў дзесяцігодзьдзямі свой народ, быў знойдзены проста ў дзірцы ў зямлі. І далей: “гэтак будзе са шмат якімі іншымі тыранамі, гэтак будзе і з Аляксандрам Лукашэнкам, чыя тыранія над Беларусьсю ня можа доўжыцца заўсёды і спадчына якога будзе палітычнае і эканамічнае зруйнаваньне Беларусі, каб пераадолець якое будуць патрэбныя гады і праца вас – будучых лідэраў Беларусі”, - зьвярнуўся сэнатар МакКэйн да прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.

Вось што сэнатар МакКэйн заявіў пазьней, на прэсавай канфэрэнцыі ў прэзыдэнцкім палацы ў Рызе:

(МакКейн:) "Людзі ў Беларусі пазбаўленыя асноўных, фундамэнтальных правоў чалавека і свабодаў, якія гарантаваныя паводле канстытуцыі Беларусі. Мне падаецца, што ўсе мы любім свабоду і адданыя той ідэі, што людзі ва ўсім сьвеце павінны мець свабоду. Мы мусім рабіць усё, што мы можам - дыпляматычным шляхам і выкарыстоўваючы ціск грамадзкай думкі, каб забясьпечыць вольныя і справядлівыя выбары ў Беларусі. Я ня думаю, што хто-небудзь у сьвеце можа ўявіць сабе магчымасьць правядзеньня ваеннай апэрацыі ў Беларусі - гэта немагчыма".

З жорсткай заявай супраць канфэрэнцыі выступіла Міністэрства Замежных справаў Беларусі, назваўшы яе ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі, рабіліся закіды і на адрас Латвіі. Аднак рэакцыя афіцыйнай Рыгі была вельмі спакойная. Трэба зазначыць, што заява, зробленая прадстаўніком Беларусі ў АБСЭ ў Вене, была пашыраная тут сярод удзельнікаў канфэрэнцыі, кожны меў да яе доступ, і таксама на канфэрэнцыі далі слова прадстаўніцы Саюзу Беларусаў Латвіі Валянціне Піскуновай, якая фактычна агучыла пазыцыю беларускай амбасады ў Рызе – яна зачытала заяву, дзе было сказана, напрыклад, што “любы чалавек у Беларусі можа вучыцца ў школе на любой мове”, што ў Менску “можна купіць любую апазыцыйную газэту”. Але ўсе ўдзельнікі канфэрэнцыі адрэагавалі адпаведна.

Што да латыскіх уладаў, дык прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга на маё пытаньне – што можа зрабіць Латвія як сусед – адказала гэтак:

(Віке-Фрэйбэрга:) "Мы мусім выкарыстоўваць нашу ўласную свабоду выказваньня, нашыя перакананьні, каб умацоўваць тыя прынцыпы, на якіх павінна, на нашую думку, грунтавацца дэмакратыя. І я думаю, што вельмі часта ў краінах, якія церпяць ад таталітарных рэжымаў, дзе свабода выказваньня ўціскаецца, ідэі ўсё ж такі пранікаюць празь межы. Я асабіста перакананая, што каляпс Савецкага Саюзу адбыўся дзякуючы таму факту, што ўлады не маглі ўтрымаць ідэі за жалезнай заслонай. І я думаю, што ўплыў ідэяў грамадзянскай супольнасьці і перакананьняў грамадзянаў - гэта адзін з аспэктаў, дзе іншыя краіны могуць дапамагаць і заахвочваць тых, хто жыве ў тыраніі ўзяць адказнасьць за сваё жыцьцё, аб'яднацца і пачаць дзейнічаць".