У 1988 годзе распачаліся перамовы паміж уладамі Польскай Народнай Рэспублікі і прадстаўнікамі забароненага тады прафсаюзу “Салідарнасьць” што да ўмоваў, на якіх абодва бакі маглі б узяць удзел у “круглым стале”.
На пачатку ўрад народнай Польшчы не хацеў пагадзіцца на адно з галоўных патрабаваньняў апазыцыі - легалізацыю “Салідарнасьці”, а таксама на правядзеньне дэмакратычных выбараў.
Яшчэ ў ліпені 1988 году прэсавы сакратар ураду Ежы Урбан казаў, што “Салідарнасьць” ужо належыць гісторыі. Аднак усяго праз два месяцы ў Польшчы адбыліся масавыя страйкі, і напрыканцы жніўня міністар унутраных справаў краіны генэрал Чэслаў Кішчак запрапанаваў апазыцыі сесьці за стол перамоваў.
Паседжаньні “круглага стала”, дзе ўрадавую дэлегацыю ўзначальваў сам генэрал Кішчак, а апазыцыйны бок – Лех Валэнса, цягнуліся два месяцы. У размовах бралі ўдзел каля шасьці сотняў розных экспэртаў, афіцыйныя прафсаюзы, а таксама адмыслова запрошаныя незалежныя назіральнікі, у тым ліку і прадстаўнікі каталіцкай царквы.
У выніку ўлады пагадзіліся пайсьці на саступкі па некалькіх найбольш істотных для апазыцыі пытаньнях - даць “Салідарнасьці” магчымасьць працаваць адкрыта, рэфармаваць эканамічнную сыстэму і правесьці часткова дэмакратычныя парлямэнцкія выбары.
У выніку гэтых выбараў, якія адбыліся ў чэрвені 1989 году, “Салідарнасьць” атрымала рашучую перамогу ды сфармавала першы пасьля другой сусьветнай вайны некамуністычны ўрад краіны. Гаворыць прэм’ер-міністар гэтага ўраду, паплечнік Леха Валэнсы Тадэуш Мазавецкі.
(Мазавецкі:) “Мы мелі надзею, што ў выніку “круглага стала” ў краіне будзе больш свабоды, пачнуца рэформы. Але як дакладна будуць адбывацца зьмены, ніхто ня ведаў і тым больш ніхто ня мог падумаць што гэтыя зьмены прыйдуць так хутка”.
Цікава, што праз 15 гадоў пасьля “круглага стала”, дзьве найбольш адказныя дзяржаўныя пасады ў Польшчы – прэзыдэнта і прэм’ер- міністра - займаюць палітыкі, якія сядзелі за тым сталом на баку тагачасных камуністычных уладаў.
Варта таксама адзначыць, што напярэдадні выбараў 1989 году, у часе якіх камуністы панесьлі страшэнную паразу, прадстаўнікі “Салідарнасьці”
разьлічвалі, што іх падтрымаюць толькі 25% палякаў, столькі ж – рэжым, а палова выбаршчыкаў, паводле апазыцыянэраў, увогуле ня ведала за каго галасаваць.
“Гэта неверагодна, але дакладна так было тады і ў нас” , - сказаў радыё “Свабода” адзін з былых дзеячоў “Салідарнасьці”, пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі ў Варшаве, якія казалі пра такія самыя лічбы – 25, 25, 50.