ЦІ ІСНУЕ НЕБЯСЬПЕКА ТЭРАРЫСТЫЧНАГА АКТУ Ў МЕНСКІМ МЭТРО?

Ганна Соусь, Менск

Пасажыры менскага мэтро збольшага сёньня ўжо ведалі пра выбух у маскоўскім мэтро, у выніку якога загінулі некалькі дзясяткаў чалавек.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці можа нешта падобнае адбыцца ў менскім мэтро?”

(Спадар: ) “Можа, чаму ня можа? Гэта можа быць нейкая тэхнагенная катастрофа, а можа, нейкія тэрарысты вырашаць, што дзеля таго, каб ім змагацца за сваю самастойнасьць і незалежнасьць, патрэбна зрабіць выбух у менскім мэтро”.

(Спадар: ) “Магчыма, канечне, але я думаю, што ў нас прадпрымаюцца ўсе захады, каб гэтага не адбылося”.

(Спадарыня: ) “Канечне, цяжка гаварыць. Але мне здаецца, што магчыма. Хаця пакуль нашая краіна ня ўдзельнічае ў чачэнскай кампаніі й падобных, для яе падобнага быць ня можа”.

(Спадарыня: ) “Кашмар! Не, беларусы — людзі памяркоўныя. Мы любім іншых людзей. Ня можа быць у нас, калі толькі зашлюць кагосьці, а так — не”.

(Спадар: ) “Пакуль мы ня ўдзельнічаем ні ў якіх апэрацыях, нічога падобнага ў нас адбыцца ня можа. Я спадзяюся”.

(Спадар: ) “Думаю, што ня можа, таму што пры дыктатарскім рэжыме няма ўнутраных прычынаў. Я думаю, што ўлады самі робяць правакацыю”.

(Спадарыня: ) “У нас такога, на маю думку, ніколі не было. Мы з Масквой не зьвязаныя, таму што гэта Расея, а мы — Беларусь. Гэта да нас ня мае дачыненьня”.

(Спадар: ) “Думаю, што ў Менску ня будзе нічога падобнага. Тут значна больш міліцыі на сярэдняга жыхара, чым у Маскве. І ў мэтро тым болей. Тут на кожнай станцыі міліцыянты. Таму я думаю, што наўрад ці”.

А як лічаць самі супрацоўнікі міліцыі, якія ахоўваюць менскае мэтро, ці можа тут адбыцца нешта падобнае на выбух у маскоўскім мэтро? Дзяжурны міліцыянт на станцыі “Кастрычніцкая” ўпэўнены, што гэта немагчыма:

(Міліцыянт: ) “Па-першае, мы працуем з мэталадэтэктарамі, працуем на плятформах. Асабліва на такіх вялікіх станцыях. На плятформах знаходзяцца відэакамэры, і дзяжурная па станцыі сочыць і перадае інфармацыю для пасажыраў пра тое, што калі будуць знойдзеныя пабочныя прадмэты, каб яны зьвярталіся да супрацоўнікаў станцыі альбо міліцыі. Хутка будзе 20 гадоў мэтрапалітэну. Можна тры разы сплюнуць, але такога яшчэ не было ў нас”.

Як паведаміў Радыё Свабода намесьнік начальніка аддзелу міліцыі мэтрапалітэну Леанід Несьцер, сёньня ў сувязі з тэрактам у Маскве ў менскім мэтро больш сур’ёзныя меры бясьпекі:

(Несьцер: ) “Можа дапамагчы сьвядомасьць людзей, якія зьвяртаюцца да супрацоўнікаў міліцыі, кажуць, што там нібыты торба стаяла, зьвярніце ўвагу. І сумеснымі высілкамі мы дасягнем бясьпекі. У нас заўсёды ідзе праца ва ўзмоцненым рэжыме. Ёсьць адмысловыя сродкі, ёсьць адмыслова падрыхтаваныя сабакі. Але гэта ня значыць, што як толькі здарылася, дык мы адразу пачынаем працаваць. Мы працуем штодзённа ў гэткім жа рэжыме”