Аўстрыйскі консул у Маскве паведаміў, што ў сярэдзіне мінулага тыдня амбасада Нямеччыны ў Менску паінфармавала яго пра запыт Аляксандра Лукашэнкі наконт візы для паездкі ў Аўстрыю. На запыт быў дадзены станоўчы адказ. Зь якой мэтай спадар Лукашэнка сабраўся ў гэтую краіну? Вось як адказаў на гэтае пытаньне супрацоўнік амбасады Аўстрыі ў Расеі:
(Дыплямат: ) “Я кіраўнік візавага аддзелу, я не палітык, ведаеце… Вы павінны абмяркоўваць гэта зь нямецкай амбасадай, таму што яны выдалі візу. Так, нямецкая амбасада выдала яму візу”.
У Вене адмаўляюцца паведаміць пра дакладны час ад’езду спадара Лукашэнкі з Аўстрыі. Прэсавы сакратар аўстрыйскага Міністэрства ўнутраных справаў Рудольф Гольлеа заявіў пра візыт беларускага кіраўніка наступнае:
(Гольлеа: ) “Ён ня быў у Аўстрыі паводле службовых справаў — гэта была прыватная паездка. Нам не дазволена сказаць вам пра час ягонага ад’езду. Ён ня быў ў Аўстрыі афіцыйна, таму гэта мусіць быць сакрэтам”.
У дзень трагедыі Аляксандар Лукашэнка хаця й выказаў свае спачуваньні, у Краснапольле не паехаў і на экране тэлевізараў не зьявіўся. І ў сераду да 18-й гадзіны ніякіх тэлевізійных кадраў пра знаходжаньне спадара Лукашэнкі ў Краснапольлі не было, хаця там Беларускае тэлебачаньне ўсталявала мабільную спадарожнікавую станцыю, зь якой рабіліся жывыя эфіры.
Увечары супрацоўнік аўстрыйскага МЗС Пэтэр Гушэльбаўэр зрабіў пісьмовую заяву, што “прэзыдэнт Лукашэнка не наведваў Вены на гэтым тыдні — і афіцыйна, і неафіцыйна. Насамрэч, прэзыдэнт Лукашэнка прыбудзе ў Аўстрыю ў лютым з прыватным візытам. Ён паедзе катацца на лыжах у Тыролі”.
Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч другі дзень адмаўляецца адказваць на пытаньні незалежных журналістаў у гэтай справе.