ПАЗЫЦЫІ БЕЛАРУСКАГА І РАСЕЙСКАГА БАКОЎ У ПЫТАНЬНІ ПАСТАВАК ГАЗУ ЗБЛІЗІЛІСЯ, АДНАК ЗГОДЫ ПАКУЛЬ НЯМА

Юры Дракахруст, Прага

Беларускі ўрад вырашае, ці скарыстаць крэдыт на закупку энэргарэсурсаў, прапанаваны Масквой. Намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Калатухін заяўляе, што Беларусь фактычна знаходзіцца ў стане дэфолту перад Расеяй.

Учора прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін даручыў ураду выдзяліць Беларусі крэдыт на закупку газу.

(Пуцін: ) “Я размаўляў на гэты конт са старшынём нашага ўраду, даручыў яму падумаць наконт магчымасьці выдзяленьня беларускаму боку дзяржаўнага міжурадавага крэдыту ў тым аб’ёме, у якім Беларусь мае патрэбу, каб у пабытовых спажывальнікаў і ў прадпрыемстваў праблемаў не ўзьнікала”.

Як піша расейская газэта “Ведомости”, расейскі прэзыдэнт паставіў сваіх чыноўнікаў у няпростае становішча. Справа ў тым, што паводле закону крэдыт можа давацца краіне, якая выплочвае запазачынасьць і працэнты па ранейшых крэдытах. Аднак, паводле дадзеных Міністэрства фінансаў Расеі, Менск спыніў выплату запазычанасьці па расейскіх крэдытах, на 1 студзеня 2004 году пратэрмінаваная запазычанасьць склала 20 мільёнаў даляраў. Беларускі Мінфін прасіў адтэрмінаваць выплаты. Расейскія чыноўнікі адзначаюць, што Беларусь спраўна выплочвае запазычанасьць як перад Міжнародным валютным фондам, гэтак і перад іншымі краінамі-крэдыторамі. Акрамя Расеі. На гэтай падставе намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Калатухін заявіў, што фактычна Беларусь знаходзіцца ў стане дэфолту перад Расеяй, гэта значыць, немагчымасьці выконваць свае фінансавыя абавязкі. Першы намесьнік міністра фінансаў Белапрусі Анатоль Сьверж назваў заяву свайго расейскага калегі некарэктнай, паводле Анатоля Сьвержа, сума запазычанасьці невялікая і можа быць пагашаная ў хуткім часе. Ён, праўда, адзначыў, што тэрміновая выплата доўгу створыць пэўную напружанасьць для эканомікі.

Што ж тычыцца прапановы Пуціна наконт крэдыту на закуп газу, то беларускі бок не сьпяшаецца яе прымаць. Старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч заявіў учора, што крэдыт можа быць узяты, калі будуць выгадныя ўмовы. Расейская газэта “Время новостей” са спасылкай на крыніцу ў расейскім урадзе паведамляе, што ўмовы гэтага крэдыту будуць цалкам рынкавыя. ”Ні пра якія льготы ня можа быць размовы”, – сказаў суразмоўца газэты.

Расейскае выданьне “Газета” паведамляе, што яшчэ 16 студзеня Міхаіл Касьянаў прапаноўваў крэдыт Сяргею Сідорскаму. “Прэзыдэнту Лукашэнку зручней без крэдыту – Беларусь атрымлівала танны газ, а да спажывальніка ён даходзіў па значна больш высокай цане. А крэдыт давядзецца адразу ж аддаць “Газпраму”, каб аплаціць газ па рынкавым кошце”, – піша выданьне “Газета”.

Наконт вынікаў сёньняшніх перамоваў Пётуха і Мілера прэсавая служба “Газпраму” паведаміла толькі, што яны працягнуцца ў найбліжэйшыя дні. Крыху больш падрабязныя камэнтары былі наконт учорашняга раўнду дыялёгу. Аляксей Мілер заявіў, што беларускі бок падаў больш рэалістычныя прапановы паводле ўмоваў паставак. Паводле зьвестак выданьня “Газета”, беларускі бок нібыта пагадзіўся купляць газпрамаўскі газ за 46 даляраў за тысячу кубамэтраў. “Газпрам” – паведамляе выданьне – настойвае на цане 50 даляраў, а таксама на нізкім тарыфе за перапампоўваньне газу празь Беларусь. Вынікі перамоваў Пётуха з Мілерам адаб’юцца і на пастаўках іншых кампаніяў. З пачатку гэтага году Беларусь забясьпечваюць газам кампаніі “Ітэра” і “Транснафта”, цана – 46 даляраў за тысячу кубоў. Аднак прадстаўнікі “Ітэры” гавораць, што ня будуць прадаваць газ таньней, чым “Газпрам”.

Пазыцыі беларускага і расейскага бакоў зблізіліся, аднак згоды пакуль няма. Між тым гарантаваныя пастаўкі газу Беларусь мае яшчэ толькі на 2 дні.