КАЛЯ ПРАКУРАТУРЫ БЕЛАРУСІ ЗАТРЫМАЛІ ПІКЕТОЎЦАЎ

Любоў Лунёва, Менск

А 16-й гадзіне каля дзясятка сяброў моладзевага руху “Зубр” сталі насупраць будынку пракуратуры Беларусі. Яны трымалі ў руках партрэты зьніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Два чалавекі трымалі вялізную расьцяжку: “Лукашэнка, Шэйман, Сівакоў! Час адказваць!” У цэнтры пікету знаходзіўся плякат “Дзе Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі?!” Юнакі казалі, што, нягледзячы на моцны мароз, будуць стаяць каля гадзіны. Актывіст руху “Зубр” Раман Казакевіч патлумачыў мэту гэтай акцыі:

(Казакевіч: ) “Прыцягнуць увагу грамадзкасьці да тэмы зьніклых палітыкаў. Генэральная пракуратура адказная за зьнікненьні Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, Завадзкага, бо яны не жадаюць іх шукаць. Трэба зьвярнуць увагу грамадзкасьці, каб гэтая справа набыла новае гучаньне”.

Супрацоўнікі службы аховы адразу пачалі выклікаць міліцыянтаў па рацыі. Калі яны ўбачылі, што дзяўчынкі вынулі з торбы бутэлькі з чырвонай вадкасьцю, то адразу кінуліся да іх і ўсё забралі. Каця Клімко патлумачыла прызначэньне вадкасьці:

(Клімко: ) “Мы зьбіраліся праліць гэтую вадкасьць, як быццам бы кроў, на ганак гэтага будынку. Нас затрымалі, прасілі спыніць нашы дзеяньні, адабралі бутэлькі і, напэўна, усё ж такі потым затрымаюць”.

Сяргей Рыкаў дадаў:

(Рыкаў: ) “Супрацоўнікі пракуратуры не жадаюць даводзіць да канца гэтых справаў. Так што яны таксама вінаватыя. Менавіта таму яны і ня выйшлі да нас. Хай яны не спадзяюцца, што мы забудземся пра гэтых людзей”.

Мінакі падтрымлівалі моладзь:

(Мужчына: ) “Час бы ўжо і адказваць… Але мне трэба пры сабе пакінуць сваю думку”.

(Студэнт: ) “Канечне, гэта ўсё вельмі правільна, але я лічу, што ўсё гэта й бессэнсоўна. Нічога гэта ня дасьць”.

Ніводзін супрацоўнік генэральнай пракуратуры ня выйшаў да пікетоўцаў. Але было добра відаць, як яны са сваіх кабінэтаў назіралі за тым, што адбывалася на вуліцы. Неўзабаве пад’ехалі два міліцэйскія “варанкі”, і пачаліся затрыманьні. Затрымалі 7 чалавек. Сярод затрыманых Юля Бандарэнка, Раман Казакевіч, Гай Маеўскі, Зьміцер Шчэпаў. Міліцыянты, як чакаецца, непаўнагадовых адпусьцяць, а ці адвязуць астатніх у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік да суду — пакуль невядома.