Пасьля таго, як увечары 22 студзеня з “Газпрому” даслалі афіцыйную інфармацыю пра спыненьне паставак газу ў Беларусь, многія кіраўнікі энэргетычнай галіны Беларусі вярнуліся на свае працоўныя месцы. З раніцы 23 студзеня ў Саўміне праходзілі нарады з удзелам кіраўнікоў ураду, Мінэнэрга і “Белтрансгазу”.
Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка пасьля гэтых нарадаў заявіў, што дэлегацыя “Белтрансгазу” вылятае на перамовы ў Маскву і за дзень-два гэтыя перамовы будуць завершаныя. Спадар Сямашка абяцае, што ў Беларусі будзе ўсё ў парадку з энэрганосьбітамі, і газ у краіну будзе паступаць паводле коштаў значна ніжэйшых, чым для Ўкраіны, ды што ніводзін завод, фабрыка ці дом не застануцца бяз газу, бо Беларусь цалкам аплачвае спажыты газ, заявіў віцэ-прэм’ер Сямашка.
Гаворыць намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Пётар Жабко:
(Жабко: ) “Я скажу толькі адно, што Міністэрства энэргетыкі генэруе электраэнэргію, вырабляе цяпло і дае яго людзям і прамысловасьці. Вось і ўсё. Сёньня пытаньняў няма, і ўпэўнены, пытаньняў ня будзе”.
Пётар Жабко ня змог пацьвердзіць ці абвергнуць паведамленьняў з “Газпрому” пра тое, што беларускі бок нібыта з 16 студзеня пачаў несанкцыянаваны адбор расейскага газу. Прэсавы сакратар прэм’ера Яўген Мялешка кажа, што ніякіх надзвычайных паседжаньняў не было, што ўсё вырашана загадзя прэм’ерамі, справа за “Белтрангазам” і “Газпромам”:
(Мялешка: ) “Сідорскі быў у Маскве, размаўляў з Касьянавым, яны дамовіліся. Гэтыя ўсе дамовы вы ведаеце, яны агучаныя. Цяпер суб’екты гаспадараньня павінны выканаць волю ўрадаў”.
У іншай урадавай структуры на ўмовах ананімнасьці заяву “Газпрому” назвалі нічым іншым як піяр-акцыяй Расеі, якая не пакіне Беларусі бяз паліва, бо нельга спыніць транзыт расейскага газу празь Беларусь. А паколькі кантракту на транзыт гэтага газу таксама няма, то беларускі бок, маўляў, можа браць яго і аплачваць паводле ранейшай цаны.
Тое, што кантракт на транзыт празь Беларусь сапраўды не падпісаны, Свабодзе пацьвердзіў прэсавы сакратар старшыні РАТ “Газпром” Сяргей Купрыянаў. Наколькі легальны гэты транзыт, можна трактаваць па-рознаму, лічыць спадар Купрыянаў. Вось што ён адказаў на пытаньне, якой будзе рэакцыя “Газпрому”, калі беларускі бок пачне забіраць сабе расейскі транзытны газ, у чым перакананая большасьць расейскіх СМІ:
(Купрыянаў: ) “Я не гатовы пакуль адказаць. Я пакуль не хацеў бы даваць якіх-небудзь дататковых камэнтароў да той інфармацыі, якую мы ўжо распаўсюдзілі”.
Незалежны спэцыяліст у галіне энэргетыкі Валянцін Мацкевіч перакананы, што калі Беларусі прапануюць эканамічную вайну, то й Менску трэба будзе цалкам мяняць свае падыходы, напрыклад, спыняць будаўніцтва расейскага газаправоду “Ямал–Эўропа”, падвышаць кошт на транзыт газу ды рабіць іншыя захады:
(Мацкевіч: ) “Канечне, нікуды не падзенесься, трэба ісьці на рынкавыя адносіны. Калі ад 80 даляраў узяць польскі транзытны тарыф, у сярэднім мы атрымаем ад 40 да 50% нашага спажываньня за транзыт. Гэта так павінна быць. Гэта як і ва Ўкраіне фактычна. Ужо ніякіх спадзяваньняў ня можа быць, і трэба ісьці на гэтыя прапановы: выкласьці адразу ўсе рынкавыя адносіны з нармальнымі “польскімі” тарыфамі на транзыт”.
Спадар Мацкевіч кажа, што празрыстасьці ў газавых адносінах перашкаджае разьлік за газ бартэрам, які выгадны сотням фірмаў.
Эканаміст Яраслаў Раманчук перакананы, што беларускі бок вымушаны будзе пагадзіцца на расейскія ўмовы кантракту, пасьля чаго прыйдзецца пераглядаць бюджэт і падвышаць цэны на паслугі й тавары.
(Раманчук: ) “А тое, што менавіта сёньня расейскі бок пайшоў на перагляд коштаў, сьведчыць аб наступным: Пуцін зразумеў, што выйграе прэзыдэнцкія выбары, таму няма чаго яму ўжо гуляць у нейкія перадвыбарчыя захады. Па-другое, нават калі бакі знаходзяцца ў стадыі нейкага цывілізаванага разводу, то ёсьць нейкая мірная стадыя. Гэтай мірнай стадыі, на жаль, беларускі бок ня выкарастаў, каб неяк наладзіць нейкія добрасуседзкія стасункі, і таму расейскі бок перайшоў да такіх вось жорсткіх мераў. І ўся віна за тое, што адбываецца сёньня, безумоўна ляжыць на беларускім баку”.
Яраслаў Раманчук упэўнены ў канчатковым згортваньні палітыкі інтэграцыі Беларусі й Расеі.