ШТО ПРЫМУШАЕ СЯБРАЎ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ У БЕЛАРУСІ ІСЬЦІ НА ФАЛЬСЫФІКАЦЫЮ ВЫНІКАЎ ВЫБАРАЎ?

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ня ўсе мае суразмоўцы лічаць, што вынікі выбараў у Беларусі фальсыфікуюцца:

(Спадар: ) “Я зь сельскай мясцовасьці. Я вам скажу: ніякіх фальсыфікацыяў няма. Усе грамадзяне прыходзяць, правільна галасуюць, выбіраюць свайго кандыдата”.

(Спадарыня: ) “Я ўпэўненая, што выбары прайшлі сумленна, справядліва, годна. Я бачыла гэта, колькі назіральнікаў было на выбарчых участках. Усё было ціха, спакойна, прыгожа, весела й добра”.

(Хлопец: ) “Я ня думаю, што яны фальсыфікуюцца, таму што гэтага няма дзеля чаго рабіць. У нас людзі сапраўды давяраюць нашаму прэзыдэнту і таму галасуюць за яго. Я так лічу”.

Аднак большасьць апытаных лічыць, што сябры камісіяў вынікі выбараў фальсыфікуюць. І вось чаму:

(Хлопец: ) “Прымушае гэта рабіць той ціск, які аказваецца на выбарчыя камісіі з боку ўлады”.

(Спадарыня: ) “Магчыма, ціск зьверху”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што прымушае жаданьне ўмацаваньня ўлады і як мага далей яе ўтрымліваць”.

(Спадар: ) “Я думаю, што фальсыфікацыя хутчэй за ўсё прысутнічае, па-іншаму проста й быць ня можа. А прымушае можа страх, можа нейкія дадатковыя крыніцы стымуляваньня, якія ім даюць. Не абавязкова матэрыяльныя, але ў той ці іншай форме яны прысутнічаюць”.

(Дзяўчына: ) “Відаць, на нейкіх выбарчых участках ёсьць фальсыфікацыі. Але чаму гэта робіцца, я ня ведаю, і для мяне цяжка адказаць. Хаця я й ведаю, што гэта ёсьць”.

(Спадар: ) “Хутчэй за ўсё ні што, а хто. Я так мяркую, што ўсе людзі ведаюць, а хто ня ведае, той здагадваецца, з чым гэта зьвязана. Іншая справа, што ўсе пра гэта ведаюць, але ўсіх гэта задавальняе”.

(Дзяўчына: ) “Што прымушае? Відаць, страх перад уладамі”.

(Спадар: ) “Я думаю, фальсыфікуюцца на карысьць аднаго кандыдата. А вымушае гэта рабіць цяперашняя палітычная сытуацыя ў краіне. Улада аднаго чалавека”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, проста страх за сваю сям’ю, за свой будучы лёс, за свой фінансавы стан”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, што іх прымушае, але тое, што выбары фальсыфікуюцца, я ўпэўненая. Трэба спытацца ў іх саміх”.

(Спадар: ) “Баязьлівасьць. Баязьлівы народ, баязьлівая ўлада. Адзін баязьлівец трымаецца за гэтую ўладу, а другі баязьлівец за кавалак хлеба прадаў родную Бацькаўшчыну. Вось і ўвесь мой адказ”.

(Хлопец: ) “Думаю, што прымушае страх”.

(Хлопец: ) “Сапраўды, фальсыфікуюцца, і прымушае перш за ўсё страх. І проста страх, і страх страціць працу, гэта галоўнае, што прымушае. Але ж яшчэ ёсьць такія людзі, якія сапраўды лічаць, што беларускі прэзыдэнт – добры. Але ж я лічу, што гэта ня так”.

Гэта былі адказы людзей на пытаньне: “Што, на Вашую думку, прымушае сябраў выбарчых камісіяў у Беларусі ісьці на фальсыфікацыю вынікаў выбараў?”