ДВОЕ НЕВЯДОМЫХ УЧЫНІЛІ НАПАД НА ПІКЕТ КАЛЯ “СІНЯГА ДОМУ”

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сп. Плешчанка распавядае:

(Плешчанка: ) “Я стаяў з плякатам “Збор подпісаў у суд супраць саюзнае дамовы, незаконна падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам”, Аляксандар Салаўян стаяў з плякатам “Схадзіў на выбары – падтрымаў існуючы рэжым”, Барыс Хамайда распаўсюджваў “БДГ”. Да нас падышлі двое мужчынаў, адзін прыстойна апрануты, а другі невялічкі такі, гадоў пад 50. Ён і пачаў да нас чапляцца, лаяўся, абражаў, у твар пляваў, спрабаваў нагой замахнуцца… Яму дужа не спадабаўся мой плякат, дзе згадваўся Аляксандар Лукашэнка! Тут падышоў другі, што прыстойна апрануты, і сказаў: “Я супрацоўнік міліцыі”. Насамрэч, неўзабаве прыехала міліцэйская машына, але ў пастарунак забралі толькі нас утрох – мяне, спадара Хамайду ды спадара Салаўяна”.

У пастарунку Ўладзімер Плешчанка мусіў напісаць тлумачэньне, чаму каля “Сіняга дому” адбылася бойка зь ягоным удзелам. Сп. Плешчанка вінаватым сябе не прызнаў, аднак ён не выключае, што гэтая справа можа скончыцца судом, бо падобны выпадак зь ім ужо быў здарыўся мінулай восеньню: тады адзін незадаволены віцебскі пэнсіянэр таксама паспрабаваў распачаць бойку зь пікетоўцамі. Аднак суд прызнаў сп. Плешчанку не вінаватым, а ягонаму крыўдзіцелю давялося выплаціць грашовы штраф за парушэньне грамадзкага парадку.