У інтэрвію аўтарытэтнаму польскаму штодзёньніку “Rzeczpospolita” Міраслаў Зеліньскі адзначыў, што Польшы не абыякавыя факты перасьледу незалежных прафсаюзаў у Беларусі, аднак Варшава “мусіць браць пад увагу таксама свае гаспадарчыя інтарэсы і гандаль зь Беларусьсю, які хутка разьвіваецца”.
Паводле некаторых падлікаў, ад магчымага ўвядзеньня санкцыяў супраць Беларусі аб’ём тавараабароту паміж Польшчай і Беларусьсю можа зьнізіцца на 350 мільёнаў эўра, гэта значыць удвая. Таму, паводле намесьніка міністра гаспадаркі, Польшча паспрабуе заблякаваць ініцыятыву Эўрапейскай камісіі.
У міністэрстве замежных справаў Польшы – а менавіта там будзе прымацца канчатковае рашэньне ў гэтай справе – сёньня не было магчымасьці атрымаць афіцыйную інфармацыю, ці сапраўды Польшча не падтрымае ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць Беларусі.
Неафіцыйна ў МЗС нашаму радыё паведамілі, што калі Польшча вырашыць блякаваць ініцыятыву Эўрапейскай камісіі, то ёй будзе цяжка знайсьці аднадумцаў сярод краінаў – цяперашніх сябраў Эўразьвязу, бо большасьць зь іх перакананыя ў тым, што трэба падтрымаць увядзеньне санкцыяў.
“Эўропа на гэтым нічога ня страціць, бо беларускі экспарт у краіны Эўразьвязу ў дзясяткі разоў меншы, чым, прыкладам, наш, польскі”, – сказаў адзін з супрацоўнікаў МЗС.
Паводле намесьніка старшыні камісіі ў міжнародных справах польскага Сэйму дэпутата Богдана Пліха, Эўразьвяз павінен узьдзейнічаць на Беларусь перадусім палітычнымі сродкамі.
(Пліх: ) “На маю думку, у дачыненьнях з рэжымам Лукашэнкі трэба ўжываць палітычныя, а не эканамічныя санкцыі. У гэтым сэнсе, як мне падаецца, новая палітыка Эўразьвязу адносна Беларусі, якую цяпер прапаноўвае Брусэль, неадпаведная”.
Аднак, калі Эўразьвяз усё ж вырашыць увесьці санкцыі супраць Беларусі, Польшча ўшануе гэтае рашэньне. Гэтак лічыць каардынатар у міжнародных дачыненьнях прафсаюзу “Салідарнасьць” Анджэй Адамчык, які браў удзел у спатканьні эўрапейскіх прафсаюзаў у Брусэлі, дзе было вырашана зьвярнуцца да кіраўніцтва Эўразьвязу з заклікам паўплываць на беларускія ўлады, каб тыя не парушалі правоў рабочых.
(Адамчык: ) “Мне падаецца, што калі Польшча далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу, несалідарныя захады такога кшталту з боку Варшавы малапраўдападобныя. Тым больш, што гэта было б на карысьць Лукашэнку, бо да гэтага часу Польша пасьлядоўна і адназначна падтрымлівала ўсталяваньне дэмакратыі ў Беларусі”.
Паводле спадара Адамчыка, у выпадку якіх-заўгодна санкцыяў перадусім трэба браць пад увагу тое, што ад іх увядзеньня могуць пацярпець простыя людзі.
(Адамчык: ) “Натуральна, што шанаваньне правоў грамадзянаў ёсьць заўсёды справай прыярытэтнай. Трэба, аднак, добра падумаць, ці якое-заўгодна эмбарга ці эканамічная блякада будзе эфэктыўным. Мы добра памятаем, як пасьля абвяшчэньня камуністычнымі ўладамі ваеннага становішча заходнія дзяржавы ўвялі супраць Польшчы эмбарга. Тады адзін зь міністраў польскага ўраду цынічна заявіў, што ўрад у любым выпадку ня будзе галодны. Так і сталася. Таму трэба падумаць, ці беларускі народ, які і так жыве ў цяжкіх эканамічных умовах, не пацерпіць занадта ад гэтага і ці санкцыі насамрэч дапамогуць вярнуць у Беларусь дэмакратыю”.