БЕЛАРУСКІЯ АЎТАЎЛАДАЛЬНІКІ АБУРАЮЦЦА КОШТАМІ РАСЕЙСКІХ СТРАХАВЫХ ПОЛІСАЎ

Марыя Ўсьціновіч, Амсьціслаўскі раён

На ўчастку дарожнай міліцыі Каськова на беларуска-расейскай мяжы ў Амсьціслаўкім раёне Магілёўскай вобласьці з новага году рэзка скараціўся паток транспарту. Паводле словаў супрацоўнікаў участку, раней мяжу ў расейскім кірунку перасякала ў суткі прыкладна тры сотні аўтамабіляў, цяпер самае большае 50.

Прычына — кошт расейскіх страховак. Напрыклад, поліс для сярэдняга легкавога аўтамабіля на 15 дзён каштуе прыкладна 40 даляраў, на паўгоду — 120 даляраў. Беларускія аўтаўладальнікі абураюцца.

(Спадары: ) “Вельмі і вельмі дорага. Па кішэні б’е цана”.

(Спадар: ) “Канечне, дорага. Канечне, не па кішэні. А што ж нам рабіць? Трэба працаваць. Ежджу штотыдня ў Смаленск за таварам сабе. Давядзецца страхавацца”.

На памежным пераходзе ў Амсьціслаўскім раёне прадстаўнікі страхавых кампаніяў працуюць круглыя суткі. Кліентаў у іх пакуль няшмат, аднак вядома, што расейскія мытнікі правяраюць наяўнасьць полісу. Так што беларусам, якія ня маюць пры сабе патрэбнай сумы, даводзіцца разварочвацца, альбо на мяжы чакаць дапамогі.

(Спадар: ) “Не меркаваў, што будзе такая сума, і вось чакаем нейкага выйсьця са становішча. Можа, хто пазычыць. А не — дык павязуць”.

Асабліва абураюцца страхоўкамі жыхары памежжа, якія прызвычаіліся свабодна езьдзіць на іншы бок мяжы да сваякоў альбо па танныя харчы і бэнзын.

(Спадар: ) “Гэта ж паспрабуй на свёй машыне зьезьдзіць за харчамі, то атрымаецца нашмат даражэй. А калі да сваякоў — тады ўвогуле. На 15 дзён — 70 даляраў. А ў каго цяпер такі заробак?”

Людзі не задаволеныя таксама і розьніцай паміж коштамі на беларускія і расейскія страхоўкі. Расейскі легкавы аўтамабіль страхуецца на 15 дзён у Беларусі за 5 эўра, што ў 6–8 разоў таньней за расейскі поліс.

(Спадар: ) “Я вось з Масквы еду. Там нібыта і заробкі паболей, а плаціць меней. А ў нас зарабляюць увогуле мала, а плаціць даводзіцца вельмі вялікую суму. Мне спатрэбілася на 15 дзён 840 рублёў. У мяне бацька столькі зарабляе!”

Большасьць беларускіх аўтаўладальнікаў выказваюцца за тое, каб падвысіць кошты страховак для расейцаў.

(Спадар: ) “Як зрабіць? Тое ж самае ім зрабіць! Як нам, так і ім”.

(Спадар: ) “Усё павінна быць аднолькава і роўна”.

На беларускім баку мяжы мяркуюць, што сытуацыя са страхоўкамі абумоўленая палітычнымі прычынамі, а таму ня вераць у саюз Беларусі і Расеі.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што ня будзе ніякага саюзу. Таму што няма ніякай нармалёвай дамоўленасьці паміж краінамі і, напэўна, ня будзе. І пакутуе ад гэтага народ. Нічога з гэтага добрага ня будзе”.