НАРАДЖЭНЬНЕ ХРЫСТОВА — СЬВЕТЛАЕ І РАДАСНАЕ СЬВЯТА

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, што для вас азначае сьвята Божага Нараджэньня?”

(Спадарыня: ) “Ісус Хрыстос нарадзіўся, выратавальнік наш, таму мы і сьвяткуем”.

(Спадарыня: ) “Адчуваеш нейкую радасьць, і хочацца пажадаць усім усяго самага найлепшага”.

(Спадарыня: ) “Нешта сьветлае і добрае, чыстае. Ня выказаць словамі”.

(Спадар: ) “Раство — гэта божае сьвята. Верым і спадзяемся на лепшае. Бог, я спадзяюся, дапаможа, пачуе нас у такое сьвята”.

(Спадарыня: ) “Гэта сьвяткавалі мае дзяды і бабулі, і маці сьвяткуе. І нават брат мой, камуніст, таксама стаў вернікам”.

(Спадарыня: ) “Ісус Хрыстос нарадзіўся, даў жыцьцё, людзі ўверавалі. Слава Богу, Ісусу Хрысту ды Маці Божай”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, ці ёсьць традыцыі, якія ўсе людзі павінны выконваць у гэтае сьвята?”

(Спадарыня: ) “Застольле абавязковае. У госьці да сваякоў, хросьнікаў, пляменьнікаў, віншаваньні сваякам. Проста добры настрой у гэты дзень”.

(Спадар: ) “Я вырас у Заходняй Украіне. І ў нас практычна ніколі не сьвяткавалі Новага году, а ў нас сьвяткавалі Нараджэньне Хрыстова. Гэта было самае сьветлае, яркае, доўгачаканае сьвята. Таму што можна было смачна паесьці. Сёньня былі б грошы — і няма праблемаў, а тады практычна нічога не было. Вельмі чакаў гэтага дня”.

(Спадарыня: ) “Сьвяткуем з самага дзяцінства. Як мяне маці вадзіла ў царкву з трох гадоў, я памятаю. Адраджаецца сіла. У царкве пабудзеш, і нібыта здароўя дадаецца, разумееце?”

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, а што ў вашым сэрцы на гэтае сьвята? Што вы адчуваеце?”

(Спадар: ) “Самыя сьветлыя надзеі на будучае. Што нешта будзе добрае, што ўсё спраўдзіцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаго бы вы пажадалі людзям на гэтае сьвята?”

(Спадарыня: ) “Міра, ратаваньня, згоды, каб дружна жылі, каб адзін аднога любілі і шкадавалі. Каб верылі ў Бога”.

(Спадарыня: ) “Міру і здароўя. А астаняе ўсё прыкладзецца”.

(Спадарыня: ) “Трэба сьвяткаваць, трэба вітаць Нараджэньне Хрыстова. Учора было шмат моладзі ў царкве, ужо веруюць у Хрыста нашага Выратавальніка. Маліцца трэба, у царкву хадзіць. Трэба адраджаць гэта ўсё. Тады нашая Беларусь будзе жыць і квітнець”.