ЦІ ЁСЬЦЬ У БЕЛАРУСІ МАГЧЫМАСЬЦЬ З КАРЫСЬЦЮ ПРАВЕСЬЦІ КАЛЯДНЫЯ ВАКАЦЫІ?

Ганна Соусь, Менск

Пяты дзень у Менску працягваюцца навагоднія сьвяткаваньні. На Кастрычніцкай плошчы ў Менску ля ёлкі з самай раніцы поўна людзей, якія працягваюць сьвяткаваць Новы год. Я пацікавілася ў мінакоў, што яны робяць падчас працяглых калядных вакацыяў.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у Беларусі магчымасьць з карысьцю для сябе правесьці гэтыя сем выходных дзён?”

(Спадарыня: ) “Толькі ў тых, у каго ёсьць грошы”.

(Спадар: ) “Беларусь — гэта Куба. Тут няспынны фэстываль. Я думаю, што можна”.

(Карэспандэнтка: ) “Якім чынам?”

(Спадар: ) “Адпачываць, выпіваць, весяліцца”.

(Спадарыня: ) “Канечне, ёсьць, працавалі пры канцы году без выходных. А цяпер адпачываем, гэта вельмі добра”.

(Спадар: ) “Канечне, ёсьць. Але я думаю, што Каляды — гэта такое сьвята, што можна й у траўмапункце апынуцца пасьля яго. Але я ўсё ж думаю, што трэба хадзіць калядаваць”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта зашмат. Сем дзён — вельмі многа для Калядаў. Чатырох дзён было б цалкам дастаткова. Да таго ж, потым працаваць без выходных — гэта таксама дрэнна. Каб было вядома за месяц, за два — то можна было бы сплянаваць кудысьці зьезьдзіць. А так стала вядома пры канцы сьнежня, таму цяжка”.

(Спадарыня: ) “Можна схадзіць у тэатар, напрыклад, у кіно, на якую-небудзь імпрэзу. Ёсьць шмат магчымасьцяў, гэта залежыць ад жаданьня чалавека”.

(Спадар: ) “Сюды прыйсьці, каля ёлкі добра адпачыць. Ці на прыроду выехаць за горад. Ды ўсё…”

(Спадар: ) “Зразумела, ёсьць. Сьвяты — гэта заўсёды добра. І таму я ня бачу тут ніякіх праблемаў. Ёсьць сям’я, дзеці, прырода”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю, сем дзён — гэта вельмі шмат адпачываць”.

(Хлопчык: ) “Па горадзе пагуляць, у тэатар схадзіць і з карысьцю правесьці час”.

(Спадарыня: ) “У гэты час я буду як мага болей гуляць. Дакладна ня ведаю, можа, па тэатрах, па музэях ёсьць час пахадзіць”.

(Спадарыня: ) “Ёсьць. Чаму няма? Можна на ёлку схадзіць, у “МакДональдз” зь дзіцёнкам”.

(Спадарыня: ) “Ёсьць куды пайсьці, адпачыць. Зрабіць хатнія справы, якія нельга зрабіць у працоўныя дні”.

(Спадар: ) “Як з карысьцю? Дык мы заўсёды жывём з карысьцю. Рыбу ловім зь Пецем. Ды ўсё, і нам хапае”.

(Спадар: ) “Канечне, ёсьць. Усё залежыць ад чалавека. Нам хапае. Мы адпачываем удвох, зь сям’ёй, зь сябрамі”.

(Спадар: ) “Магчымасьцяў больш чым дастаткова”.

(Спадарыня: ) “Па лесе прагуляцца. Я жыву ў Пячах. Дык такая прыгажосьць, што хочацца ўзяць фотаапарат і сфатаграфаваць усё. А для дзяцей санкі, лыжы ды проста прагулка па лесе. Проста ня трэба ленавацца, а ўставаць з канапы й ісьці гуляць”.

Гэтак адказалі мінакі на пытаньне “Ці можна ў Беларусі з карысьцю правесьці працяглыя калядныя вакацыі?”