ПАВОДЛЕ ФАКТУ НАПАДУ НА ЛIДЭРА БЕЛААЗЁРСКIХ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТАЎ АДКРЫТАЯ КРЫМIНАЛЬНАЯ СПРАВА

Алег Супрунюк, Берасьцейскай вобласьць

Белаазёрская мiлiцыя толькi сёньня распачала крымiнальную справу, якая тычыцца нападу на мясцовых сябраў Народнай Грамады – Яўгена i Натальлi Акаронкаў, а таксама iхных знаёмых. Невядомыя асобы моцна зьбiлi iх увечары 2 студзеня. У вынiку здарэньня лiдэр белаазёрскiх сацыял-дэмакратаў трапiў у шпiталь: у яго зламаныя рэбры i нос. Меньш пацярпела ягоная жонка Натальля, якая ёсьць дэпутатам мясцовага гарсавету i ўваходзiць у дэмакратычную групу "Iнiцыятыва".

Паводле неафiцыйнай iнфармацыi, распачатае сьледзтва ў гэтай справе пакуль не разглядае вэрсiі, што напад зьдзейсьнены паводле палiтычных матываў. Асноўная вэрсiя зараз – гэта звычайнае хулiганства.

Натальля Акаронка гаворыць, што дзеяньнi мiлiцыянтаў адразу пасьля здарэньня даюць падставы меркаваць, што аб'ектыўнага сьледзтва ў гэтай справе ня будзе.

(Акаронка: ) "Вельмi дзiўная пазыцыя. Капiтан мiлiцыi Вярэнiч гаворыць мне: "А ты заўтра працаваць ня будзеш, дэпутатам ня будзеш, i ўвогуле рот закрой". Так ён са мной размаўляў. Дзiўная такая пазыцыя i я не зразумела – чаму так".

Паводле словаў спадарынi Акаронкi, адразу пасьля здарэньня мiлiцыянты затрымалi аднаго з тых, хто зьдзейснiў напад. Аднак яго нават не адвезьлi ў пастарунак i хутка адпусьцiлi. Тым ня менш, Натальля Акаронка будзе настойваць, каб усе асобы, якi бралi ўдзел у зьбiцьцi ейнага мужа былі знойдзеныя i пакараныя.

Адмысловая заява з нагоды здарэньня ў Белаазёрску прынятая кiраўнiцтвам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi (Народная Грамада). У заяве гаворыцца, што гэты выпадак ёсьць помстай сябрам партыi за iхную грамадзкую i палiтычную дзейнасьць.