ЯК БЕЛАРУСЫ ЭСЭ ПІШУЦЬ

Валянцін Акудовіч, Менск

Калі цябе хвалюе жанчына — ты пішаш верш.

Калі цябе трывожыць чалавек — ты пішаш раман.

Калі цябе вярэдзіць быцьцё — ты пішаш эсэ.

Вясёлае эсэ ты пішаш, калі табе вельмі сумна. А так бывае кожны раз, як толькі нешта ўжо незваротна скончылася: сяброўства, каханьне, надзея… А наноў яшчэ нічога не распачалося. Эсэ — гэта востраў, куды можна патрапіць адно пасьля караблекрушэньня. Вось чаму эсэ заўсёды пачынаецца з вусьцішнай адзіноты. Ты стаіш на пустэльным беразе і пакрысе ўсьведамляеш: каб ня зьнікнуць дазваньня разам з тым, што цябе цешыла і бавіла раней, трэба самому ўсё вынайсьці і стварыць наноў — і сябрука Пятніцу, і гліняны збан. І ты рушыш углыб вострава, скуль няхутка вернесься да людзей, каб распавесьці ім гісторыю свайго вяртаньня…

Менавіта з вусцішнай адзіноты пачынаецца і найлепшае беларускае эсэ, якое Ігнат Абдзіраловіч прароча назваў “Адвечным шляхам”. Паслухаем аўтара:

“Нашы часы — часы агульнай заблытанасьці, часы паўстаньня праменных, быццам, ідэалаў і іх канечнага зьніканьня празь недаўгі час… Тое, што раней здавалася чыстым і сьветлым, штодзённа аплятаецца жыцьцёвым брудам і пылам. Так зьнікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасьць. У такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, сьвятым і жаданым”.

* * *

Нікому невядома, хто прыдумаў драму, паэму, раман. А вось у жанру эсэ ёсьць канкрэтны аўтар — Мішэль Мантэнь. Гэта яму першаму, яшчэ ў 16 стагодзьдзі, надакучыла хавацца за літаратурных герояў і ён ад уласнага імя сам распавёў праўду пра сябе, як пра чалавека з усім, так бы мовіць, “залішне чалавечым”.

Эсэ — мужны жанр. У апавяданьні аўтар распранае на людзях героя — у эсэ ён распранаецца сам. Толькі каб напісаць эсэ, адной адвагі мала. Трэба яшчэ мець ахвоту здумляцца. Бяз мысленьня эсэ ператвараецца ў замалёўку, этуд, нарыс… У што заўгодна, але не ў эсэ.

Усе ведаюць знакамітае выслоўе Рэнэ Дэкарта:”Я мысьлю — значыць існую”. Дык вось першая частка гэтага выслоўя (“Я мыслю…” ) і ёсьць формулай эсэ. Няма эсэ без твайго ўласнага “Я” перадусім, але і няма эсэ бязь “Я”, якое мысьліць.

Разам з тым, ня трэба залічваць эсэ толькі да інтэлектуальнай літаратуры. Бо калі быць больш дакладным, то эсэ — не зусім мысьленьне, а вольнае дыханьне мысьленьня. Гэта значыць, што эсэ мысьліць ня мысьленьнем, а ўсёй сваёй дрогкай субстанцыяй. Як, скажам, у яшчэ адным вялікім беларускім эсэ — палянэзе “Разьвітаньне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага.

* * *

Эсэ — самы эўрапейскі літаратурны жанр. І ня толькі таму, што яно нарадзілася ў Францыі. Славуты эўрапейскі індывідуалізм не ў малой ступені сфармаваны менавіта эўрапейскай эсэістыкай. Бо гэта якраз эсэ наперад калектыўнага “мы” высунула пэрсанальнае “Я” і тым самым зьвярнула ўвагу на чалавека ўпаасобку ад Бога і Дзяржавы.

Калі заўгодна, ва ўлоньні эсэ чалавек нарадзіўся як каштоўнасьць. А без апошняга не магло быць ні Вялікай францускай рэвалюцыі зь яе мэтай “Свабода. Роўнасьць. Братэрства”, ні дэмакратыі, якая пазьней апанавала чалавецтвам па ўсёй зямной кулі.

Неяк Людовік ХІV ганарліва сказаў: “Францыя — гэта я”. Пасьля зьяўленьня эсэ кожны паспаліты займеў трыбуну, каб амбітна заявіць: “Я — гэта сусьвет”.

* * *

Эсэ — палігон свабоды. На ягонай тэрыторыі кшталтавалі свой досьвед ня толькі свабода слова і мысьленьня, але і воля да годнага жыцьця. Прынамсі там, дзе яна была, гэтая воля… Невыпадкова вялікая расейская літаратура ня мела жанру эсэ і нават назву кнігі Мішэля Мантэня “Essais” расейцы перакладалі як “Опыты”. Дэспатыя ведае толькі адно “Я” — “я” самадзержцы, і адну свабоду — свабоду дэспата.

Да самага апошняга часу амаль не было эсэ і ў Беларусі. Хаця распачыналася наша літаратура ня зь вершаў і ня з прозы, а з геніяльнага эсэ Францішка Багушэвіча, якое чамусьці лічаць усяго толькі прадмовай да паэтычнага зборніка “Дудка беларуская”. Чаго варты адзін толькі сказ адтуль: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!..”

Дарэчы, і сама Беларусь пачыналася з гэтага эсэ. Вось чаму эпітэт “генільнае” тут абсалютна да месца… Але адпаведнага працягу гэты вялікі пачатак ня меў. Станаўленьне беларускай літаратуры спалучалася з фармаваннем нацыі і таму перадусім бралася пад увагу не пэрсанальнае “я”, а калектыўнае “мы”: мы — беларусы.

А пазьней эсэ ў Беларусі не было таму, што тут пачалася эпоха бальшавіцкага таталітарызму. Ясная рэч, эсэ і таталітарызм зьявы несумесныя. Пры таталітарызьме аўтар можа і мусіць пісаць не пра мітрэнгі ўласнай душы, а толькі пра тое, што мацуе паноўную ўладу. Да таго ж таталітарызм не дапускае нават магчымасьці свабоднага мысьленьня. А безь незацуглянага мысьленьня якое там можа быць эсэ?

І вось што яшчэ цікава. Як сытуацыя прыгнёту задоўжыцца, то нават потым, калі маналіт таталітарызму распушыцца ў парахню, літаратар ужо не ўяўляе сабе, што можна пісаць ня дзеля грамадзкіх патрэбаў, а чаго самому схочацца. Па прыклады няма патрэбы далёка хадзіць. Старэйшыя беларускія пісьменьнікі да гэтай пары так і не адважыліся скінуць парадных мундзіраў, каб распрануцца да галізны і ўвайсьці ў сьцюдзёную ды празрыстую плынь эсэістыкі.

* * *

У Францыі эсэ аднойчы выбухнула свабодай, у Беларусі наадварот — свабода выбухнулі эсэістыкай. З пачатку дзевяностых эсэ запанавала ўсюды: у філязофіі, літаратуры, гісторыі, журналістыцы. (Апошняму сведчаньнем і праект Радыё Свабода.) І толькі нашыя літаратуразнаўцы дасюль не зважаюць на гэты фэномэн. Яны па-ранейшаму шукаюць плён айчыннага красамоўства ў вершах ды раманах — і не знаходзяць. Што натуральна. Бо ўсё самае вартае, што адбылося ў беларускай літаратуры за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя — адбылося ў жанры эсэ.

Ёсьць яшчэ адзін надзвычай цікавы момант у ролі эсэ ў Беларусі. Ужо колькі стагодзьдзяў таму на прасторах нашай бацькаўшчыны сутыкнуліся і з тае пары існуюць у супраціве дзьве мэнтальнасьці. Адна зь іх, уласна эўрапейская, вызнае за асноўную каштоўнасьць індывідуўма. Другая, расейская, аддае перавагу “саборнасьці” — калектывісцкаму “мы”. Няма сумневу, што беларуская літаратура і надалей будзе падзеленая адпаведна мэнталітэту яе аўтараў. Але калі чалавек заблытаецца, да якога сьвету ён належыць, папытайцеся ў яго: ці піша таварыш эсэ?

* * *

Эсэ ўжо болей як чатырыста год, але і па сёньня дакладна ніхто ня ведае, што гэта такое? Таму пра яго заўсёды можна казаць, што яно ёсьць, але ніколі нельга сказаць, чым яно ёсьць?

Рэч у тым, што выразнай мяжы паміж эсэ і якім іншым тэкстам няма — прынамсі, вонкі. Адрозьненьне палягае ня ў форме і нават ня ў зьмесьце, а ў прычыне, якая кліча эсэ аб’явіцца. Артыкулы, нарысы, трактаты ёсьць рэхам на нейкія зьявы ці падзеі. І таму яны ня могуць быць не напісанымі — ні тым, дык іншым аўтарам.

Ня так у эсэ. Нішто з таго, што дзеецца знадворку, само па сабе не змушае яго адбыцца. У прыклад згадаю хаця б яшчэ адно геніяльнае беларускае эсэ — “Чорны квадрат” Казіміра Малевіча.

Эсэ — гэта падзея, раптам народжаная вярэдзівам сэрца і спавітая здумленьнем. Вось чаму пра кожнае сапраўднае эсэ можна сказаць, што яно магло быць не напісанае. Прынамсі, ніхто ня можа напісаць ня толькі тое самае, але хаця б падобнае эсэ.

У эсэ, як у адну ваду, нельга ўвайсьці двойчы.

Напісаць эсэ — гэта зачарпнуць жменяй зь вірлівай плыні быцьця і нейкі момант глядзець, як быцьцё празрыстымі цуркамі сьцякае паўз твае пальцы…

Калі вы напісалі эсэ, вы не напісалі нічога.