ЦІ БУДЗЕ АБІРАЦЦА ЎКРАІНСКІ ПРЭЗЫДЭНТ ВЯРХОЎНАЙ РАДАЙ?

Віталь Цыганкоў, Прага

Законапраект, які прадугледжвае скасаваньне прамых выбараў прэзыдэнта і перадачы гэтай функцыі парлямэнту, быў прыняты сёньня ў першым чытаньні. Ён можа ўступіць у сілу толькі пасьля галасаваньня ў другім чытаньні, якое, магчыма, адбудзецца на наступнай сэсіі вясной. Зрэшты, апазыцыйныя фракцыі “Наша Ўкраіна” і блёк Юліі Цімашэнкі плянуюць у судовым парадку аспрэчыць сёньняшнія вынікі галасаваньня, а таксама заклікаць ПАРЭ прызнаць іх незаконнымі. Сапраўды, галасаваньне прайшло у вельмі сумнеўнай і нетрадыцыйнай для парлямэнцкай дэмакратыі форме. Пасьля таго, як апазыцыйныя дэпутаты Вярхоўнай Рады другі дзень блякавалі трыбуну і нават наўмысна сапсавалі электронную сыстэму галасаваньня, сёньня раніцай сьпікер парлямэнту Ўладзімер Літвін, злавіўшы момант, празь пераносны мегафон заклікаў узьняць рукі тых дэпутатаў, якія падтрымліваюць законапраект. Пасьля хуткага падліку галасоў Літвін абвесьціў, што “за” прагаласавала 276 дэпутатаў. Аднак адзін зь лідэраў апазыцыі Юлія Цімашэнка заявіла, што было ўзьнята ня больш за сто рук, і гэта зафіксавана на відэастужцы.

Праект Канстытуцыйнай рэформы быў распрацаваны з падачы цяперашняга прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы. У парлямэнце за яго выступаюць праўрадавыя фракцыі, а таксама камуністы, якія заўсёды змагаюцца за зьніжэньне ролі прэзыдэнта. Паводле праекту, у кастрычніку 2004 году пройдуць апошнія выбары прэзыдэнта прамым усенародным галасаваньнем, а ўжо ў 2006 годзе новы кіраўнік дзяржавы будзе абраны парлямэнтам. Пры гэтым паўнамоцтвы такога прэзыдэнта будуць істотна зьменшаныя, у прыватнасьці, прэм’ер-міністра будзе выбіраць Вярхоўная Рада.

Многія бачаць у гэтым праекце спробы Леаніда Кучмы нейкім чынам застацца ва ўладзе і пасьля 2004 году, калі скончыцца ягоны другі тэрмін, а на трэці ён паводле Канстытуцыі, ня мае права выбірацца. Таксама аналітыкі кажуць пра жаданьне цяперашняга кіраўніцтва не дапусьціць да ўлады лідэра блёку “Наша Ўкраіна” Віктара Юшчанка. Гэты празаходні палітык мае зараз найвышэйшы рэйтынг сярод украінскіх выбаршчыкаў, у той час як партыя ўлады ня мае настолькі папулярнага кандыдата. Зь іншага боку, прыхільнікі зьменаў і некоторыя аналітыкі кажуць, што Ўкраіна – не Расея, і ня мае патрэбы ў такім моцным прэзыдэнце, як зараз. А новы праект набліжае Ўкраіну да сярэдняэўрапейскіх парлямэнцкіх рэспублік, як Чэхія, Вугоршчына, краіны Балтыі. У любым выпадку апазыцыя не зьбіраецца пагаджацца з гэтымі зьменамі ў Канстытуцыю і мае намер апэляваць да насельніцтва. А большасьць украінцаў, як паказваюць сацыялягічныя апытаньні, выступае за прамыя ўсенародныя выбары прэзыдэнта.