ПАДЗЕМНЫ ГОРАД У ЦЭНТРЫ МЕНСКУ ПАБУДУЮЦЬ ДА ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ

Юры Сьвірко, Менск

Пакуль уся Беларусь першы тыдзень новага году будзе адпачываць, будаўнікі на рэканструкцыі плошчы Незалежнасьці ў цэнтры Менску будуць працаваць у тры зьмены і кругласутачна. Аўральныя працы распачаліся ўзімку ды ўзімку скончацца, бо здача аб’екту “Падземны горад” заплянаваная на канец 2005 году. Як неафіцыйна тлумачаць у Менскім гарвыканкаме, такія тэрміны зьвязаныя з правядзеньнем у 2006 годзе прэзыдэнцкіх выбараў.

Пэрымэтар плошчы абнесены празрыстым сеткавым плотам, а наглядаюць за хадой працы каля 300 рабочых ня толькі чыноўнікі з Дому ўраду і гарвыканкаму, але й служба бясьпекі прэзыдэнта. Апошняе пацьвердзіў і кіраўнік рэканструкцыі плошчы Незалежнасьці Павал Улашчанка. Ня выключана, што гэта зьвязана і з мажлівымі знаходкамі на месцы рэканструкцыі. 12 экскаватараў ужо вынялі 30 тысячаў кубамэтраў грунту — і знайшлі шмат чаго цікавага, напрыклад, чыгунныя люкі з надпісам “Менск” і лічбамі “1934”.

Спадар Улашчанка распавёў, што пасьля вайны паверхню плошчы падвысілі, і пад ёй засталіся фрагмэнты старых будынкаў — цяпер у катлаване можна ўбачыць цэлы паверх даваеннага цаглянага дому. Колькі ж грошай ужо ўклалі ад 25 сакавіка 2002 году, калі пачалася рэканструкцыя плошчы? Вось які адказ даў Павал Улашчанка:

(Улашчанка: ) “Пайшло каля 5 мільярдаў рублёў. Я раблю за кошт грошай мясцовага бюджэту сеткі й перадаю іх на балянс гораду. А ўсяго — толькі прыблізна — на другую чаргу рэканструкцыі плошчы павінна пайсьці каля 120 мільярдаў рублёў”.

Якім чынам менскія ўлады плянуюць кампэнсаваць свае выдаткі? Спадар Улашчанка кажа, што будзе вялізны попыт на памяшканьні ў падземным горадзе. Там на двух узроўнях будуць кавярні, шматзальны кінатэатар, боўлінг і крамы. Мяркуецца, што адзін паверх цалкам выкупіць інвэстар зь нейкай азіяцкай краіны, якой дырэктар рэканструкцыі не назваў. Але раней былі паведамленьні, што падземны горад аддадуць іранскай фірме. Потым стала вядома, што іранцы ад гэтай прапановы адмовіліся. Аднак Павал Улашчанка гэта абвяргае:

(Улашчанка: ) “Іранцы не адмовіліся. Сапраўды, быў абвешчаны тэндэр, у якім удзельнічала і беларуская фірма, і іранскі бок. Іранскі бок ня выйграў тэндэру — гэта афіцыйна. Ведаеце, як здараецца — калі студэнта адлічаюць, ён кажа, што сам сышоў. Так і тут. Але яны не адмовіліся, цікавасьць да аб’екту маюць і дагэтуль”.

Мяркуецца, што на сьвяты плошча будзе цалкам пешаходная. Але цяпер і цягам наступных двух гадоў пешаходам там рабіць няма чаго.