БЕЛАРУСКАЯ КАЛЯДНАЯ ПАШТОЎКА

Валянціна Аксак, Менск

Першая віншавальная паштоўка зьявілася ў сьвеце ў 1870 годзе, – кажа Вячка Целеш, самы знаны ў краіне філякартыст – гэтак называюць калекцыянэраў паштовак. Шматтысячны ягоны збор мае і першыя унікальныя беларускія карткі, якія выдаваліся ў 1906 годзе ў Пецярбурзе. На іх не было адмысловых калядных сюжэтаў, а толькі друкаваныя ў літаграфічны спосаб краявіды і ўбраныя ў нацыянальныя строі тыпы беларусаў. Тое ж – і на пазьнейшых фатаграфічных паштоўках, выдаваных эміграцыйнымі цэнтрамі Нямеччыны і Вільні ў 20-30-ыя гады мінулага стагодзьдзя.

Калядныя сюжэты не адразу зьявіліся і ў паваеннае эміграцыі. Адну зь першых такіх паштовак, дарэчы, выдалі ў Нямеччыне беларускія скаўты ў 1948 годзе. Распавядае Вячка Целеш.

(Целеш: ) “Падобныя паштоўкі я маю, якія выдавала выдавецтва “Бацькаўшчына”. Чорна-белая паштоўка зь зімовым пэйзажам, на ёй напісана: “Вясёлых сьвятаў!” І верш Янкі Купалы:

На ўзгоры, на даліны,
На кусты, на перавалы
Леглі сьнежныя крышталы
Ад пуціны да пуціны.

Мне спадар Вітаўт Кіпель даслаў з Амэрыкі паштоўкі, намаляваныя Івонкай Сурвілай і выдадзеныя ў Мадрыдзе ў Гішпаніі. Намаляваныя яны мастачкай і выдадзеныя з 50-х да 60-х гадоў. Вельмі цікавыя на іх беларускія сюжэты. Напрыклад, на адной зь іх у беларускім нацыянальным строі жанчына сядзіць каля дзіцяткі, якое ў калысцы. І сьвечка побач гарыць. Ці, напрыклад, паштовачка, на якой руіны Калоскай Барысаглебскай царквы Гарадзенскай, ноч, ёлачка ля гэтай царквы і зорка ў небе. І напісана: “Шчасьлівых сьвятаў! Вясёлага Новага году!” Ці такі сюжэт: дзяўчынка ў нацыянальным строі стаіць ля начнога акна і глядзіць на зорнае неба”.

На сучаснай тэрыторыі краіны першыя паштоўкі з віншавальнымі навагоднімі надпісамі па-беларуску датуюцца 1963 годам. Апрача традыцыйных зімовых краявідаў з Марозамі-Сьнягуркамі ды зайцамі-ваўкамі трапляліся на іх і даволі анэкдатычныя сюжэты. Вось якая паштоўка захоўваецца ў калекцыі Вячкі Целеша.

(Целеш: ) “У мяне ёсьць паштоўка, на якой намаляваны Дзед Мароз на трактары са Сьнягуркай. Трактар – “Беларус”. Едуць яны некуды і напісана:” З Новым годам! “

Каляднае віншаваньне праз пошту на адпаведнай сьвяту картцы жыхары краіны змаглі пасылаць сваім сябрам-родзічам толькі ад 1990 году – тады, калі за самімі Калядамі было афіцыйна прызнанае права на існаваньне. За гэтыя трынаццаць гадоў выдавецтвы здолелі наладзіць выпуск даволі шматлікіх якасных, але тэматычна аднастайных паштовак, – лічыць мастак Міхал Анемпадыстаў.

(Анемпадыстаў:) “Сёлета нібыта і вельмі багата гэтых беларускіх паштовак. Але яны прадаюцца выключна альбо ў саміх паштовых адзьдзяленьнях, альбо ў шапіках “Белпошты”.Таксама трэба сказаць, што якасьць гэтых паштовак сёлета даволі высокая. Шмат варыянтаў, але тэматыка даволі аднастайная. На жаль. У асноўным гэта гарадзкія краявіды – Менск, іншыя беларускія мясьціны. Шмат беларускамоўных. Што мне асабліва прыемна – высокая якасьць іх друку”.

Друкарскія эфэкты, кшталту блішчастых літараў ці малюнкаў на тле айчынных краявідаў – гэта, бадай што і ўсе нацыянальныя адметнасьці сучасных калядных паштовак. Былы мастацкі рэдактар выдавецтва “Беларусь”, якое напачатку 90-х стварыла адмысловую групу па распрацоўцы і выпуску нацыянальных паштовых картак, Генадзь Мацур гаворыць, што працэс гэты спыніўся разам са спыненьнем усіх іншых адраджэнцкіх працэсаў. А тое, што цяпер выдаецца – нейкае дзіўнае і незразумелае спалучэньне ранейшых навагодніх савецкіх сюжэтаў з элемэнтамі беларускае этнаграфічнасьці. Самае недарэчнае – надпісы, у якіх навагодні віншавальны тэкст падаецца перад калядным, а не наадварот, як трэба паводле лёгікі хрысьціянскае гісторыі. Народнае сьвята Каляды і хрысьціянскае Божае Нараджэньне прыпадаюць на адзін дзень, дзень павароту сонца да лета. А Новы год – гэта пачатак новага летазьлічэньня, якое вядзецца ад сёмага дня пасьля Божага Нараджэньня, калі маленькаму дзіцяці згодна са старажытнагабрэйскай традыцыяй рабілі абразаньне. Перайшоўшы на грыгарыянскі каляндар у сьвецкім жыцьці, праваслаўная царква па-ранейшаму сьвяткуе Божае Нараджэньне па старым юльянскім календары. Адсюль і блытаніна ў парадку зімовых сьвятаў, якая спрэс запанавала цяпер на віншавальных паштоўках. Надпісы на іх вырашаныя выключна на карысьць гэтае цяперашняеправаслаўнае традыцыі. Не кажучы ўжо пра рознае пісаньне самога словазлучэньня “Божае Нараджэньне”. Тут і “Раство”, і “Ражджаство”, і нават “Ражаство”.

Часта на калядных беларускіх паштоўках сустракаюцца і тэматычныя кур’ёзы. Вось пра які нам распавёў філякартыст Вячка Целеш.

(Целеш: ) “Сустракаюцца такія кур’ёзы: Дзед Мароз у чырвоным гэтым расейскім кажуху і Сьнягурка ў нацыянальным расейскім сарафане і шапачцы і надпіс на беларускай мове. Ці, напрыклад, у мяне ёсьць адна такая беларуская паштоўка, на якой Сьнягурка ў расейскім строі і побач заяц на расейскай балалайцы грае. Такія паштоўкі не нясуць тога нашага беларускага калярыту, які мы хочам атрымаць разам зь віншаваньнем”.

Усіх гэтых недарэчнасьцяў пазбаўленыя паштоўкі, якія ўжо некалькі гадоў выпускае каталіцкае выдавецтва “Про Хрысто”, і сымболіка якіх тэматычна вырозьнівае народнае сьвята Каляды і хрысьціянскае – Божага Нараджэньня. Гаворыць супрацоўніца выдавецтва пісьменьніца Ірына Жарнасек.

(Жарнасек: ) “Сымбалі на паштоўцы павінны быць, гледзячы, што мы сьвяткуем. Калі сьвята Божага Нараджэньня, то сымбалі павінны быць больш хрысьціянскія, з вобразамі Сьвятое сям’і, Бэтлеэму, стаенкі з Божым Дзіцем. Словам, з усімі тымі вобразамі, якія ёсьць і на нашых белых аплатках, якімі мы дзелімся ў ноч Божага Нараджэньня. Ну а калі найперш мы прызнаем проста народнае гуляньне – Каляды, ну тады ягоныя сымбалі таксама ж вядомыя: калядная зорка, пераапранутыя калядоўшчыкі і гэтак далей. Мне найбольш сымпатычны, вядома ж, першы варыянт. Ён перадае сэнс сьвята Божага Нараджэньня. Я памятаю, як у дзяцінстве мы сумавалі ад таго, што нашых паштовак такіх не было. Нам з Польшчы іх прысылалі, менавіта з гэтымі сымбалямі, з сымбалямі Божага Нараджэньня. Але я зусім не праціўніца і гэтых народных сьвятаў. Яны вельмі мілыя таксама. Ну, але ўжо што не хацелася б бачыць на такіх паштоўках, то гэта мароза, чырвонага там ці сіняга носа савецкага. Ну вядома, гэта – ня сымбаль ні Калядаў, ні Божага Нараджэньня”.

Паштоўкі выдавецтва “Про Хрысто” можна набыць толькі ў касьцёльных шапіках. У дзяржаўных гандлёвых прадпрыемствах ва ўмовах расейскае паліграфічнае экспансіі і поўнай адсутнасьці спрыяньня айчынным вытворцам вытрымаць канкурэнцыю нават самыя таленавітыя беларускія мастакі і друкары ня могуць, – мяркуе мастак Міхал Анемпадыстаў.

(Анемпадыстаў: ) “Я таксама разумею гэта, і гэта трэба браць пад увагу, што ім зараз вельмі цяжка канкураваць з тымі паштоўкамі, якімі вось проста заваленыя ўсе крамы. У асноўным – гэта экспартаваныя расейскія паштоўкі, натуральна, на іх усё напісана па-расейску. Частка зь іх арыгінальныя – расейскай вытворчасьці і расейскага дызайну. Частка – гэта перадрукі ліцэнзаваныя паштовачных заходніх фірмаў”.

Маленькая нацыянальная калядная паштоўка гэткім чынам апынулася ў поўнай эканамічнай і ідэялягічнай залежнасьці ад вялікае дзяржаўнае палітыкі.