24 сьнежня а 10-й гадзіне менскага часу скончыцца тэрмін падачы магчымых пярэчаньняў з боку дэлегацыяў краінаў-сябраў АБСЭ на тое, каб мандат офісу ў Менску быў працягнуты. Калі ніводная з дэлегацыяў гэтага ня зробіць, то спрацуе так званая "працэдура змаўчаньня" і мандат місіі аўтаматычна будзе працягнуты да канца 2004 году. Эбэргард Гайкен 23 сьнежня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ўдакладніў, што права пярэчаньня мае і дэлегацыя Беларусі.
Абасадар Гайкен лічыць, што 2003 год быў для офісу ў пэўнай ступені плённым:
(Гайкен: ) "Я хацеў бы адзначыць, што мы здолелі ўсталяваць пэўную ступень даверу і працоўныя адносіны з большай часткай як ураду, так і грамадзянскай супольнасьці. Мы змаглі адстаяць каштоўнасьці АБСЭ ва ўсёй нашай дзейнасьці. Зрабілі свой унёсак у тое, што новы заканапраект аб мэдыях ня быў прыняты парлямэнтам пасьпешліва, бяз правядзеньня публічных слуханьняў. Мы актыўна ўключылі ў нашыя праекты (іх было 13) вялікую частку няўрадавых арганізацыяў. Адначасова мушу дадаць, што посьпехі, дасягненьні – адносныя, паколькі рэпрэсіі з боку ўраду ў 2003 годзе супраць грамадзкай супольнасьці ня зьменшыліся, наадварот, становішча пагоршылася".
Я спытаў кіраўніка офісу, якія карэктывы будуць унесеныя ў ягоную працу з улікам таго, што ў 2004 годзе ў Беларусі пройдуць парлямэнцкія выбары.
(Гайкен: ) "Я таксама лічу, што парлямэнцкія выбары ёсьць найбольш важнай і найбуйнейшай падзеяй у Беларусі ў наступным годзе. Зразумела, што яны будуць моцна ўплываць на нашую працу. У прыватнасьці, разам з БДІПЧ мы будзем рыхтаваць доўга- і кароткатэрміновае назіраньне за выбарамі. Дарэчы, кіраўнік БДІПЧ амабасадар Штрогал на сустрэчы са спадарыняй Ярмошынай сказаў, што, на ягоную думку, яшчэ ёсьць пэўны час, каб змяніць асобныя палажэньні выбарчага заканадаўства. Магчыма, беларускі бок зробіць крокі насустрач".