У нядзелю ў маскоўскім Інстытуце сталі і сплаваў была сфармаваная ініцыятыўная група па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты дзейнага кіраўніка Расеі Ўладзімера Пуціна. Раней на мінулым тыдні падчас прэсавай канфэрэнцыі Ўладзімер Пуцін пацьвердзіў, што будзе балятавацца на другі тэрмін, прычым пойдзе на выбары не ад партыяў, а шляхам збору подпісаў, так бы мовіць, як “народны кандыдат”. Экспэрты не сумняюцца, што менавіта Пуцін стане пераможцам на сакавіцкіх выбарах, аднак перад прэзыдэнтам Расеі ўзьнікла іншая пагроза – ён можа апынуцца на гэтых выбарах без сур’ёзных супернікаў і самыя выбары з гэтай прычыны могуць не адбыцца. Таксама ў нядзелю кіраўнік “Яблока” Грыгоры Яўлінскі выступіў з наступнай заяваю:
(Яўлінскі: ) “Ва ўмовах, калі няма дзейнай судовай сыстэмы, няма фэдэральных мэдыяў, якія рэальна працуюць і зьяўляюцца палітычна значнымі, ва ўмовах, калі адсутнічае магчымасьць арганізаваць незалежнае фінансаваньне кампаніі і ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, у такіх умовах палітычная канкурэнцыя немагчымая і немагчымыя раўнапраўныя і справядлівыя выбары. Таму партыя не вылучае свайго кандыдата”.
Такое рашэньне было прынятае на зьездзе партыі. Магчымасьць байкоту выбараў ня выключыў і Саюз правых сілаў. Вынікі думскай кампаніі, як і ўмовы самой перадвыбарчай кампаніі безумоўна паўплывалі на рашэньне “Яблока” і СПС. Абедзьве партыі не патрапілі ў парлямэнт, не пераадолеўшы пяціадсоткавы барьер. Міжнародныя назіральнікі і дэмакратычныя партыі, а таксама камуністы адзначылі, што ўдзельнікі думскіх выбараў ня мелі роўных умоваў спаборніцтва – фэдэральныя электронныя мэдыі відавочна гулялі на баку пракрамлёўскіх сілаў, найперш партыі “Адзіная Расея”.
Дарэчы, камуністычная партыя пакуль не прыняла рашэньня, ці будзе яна ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, але кіраўніцтва партыі таксама не выключае, што будзе байкатаваць выбары.
Параўноўваючы Расею зь Беларусьсю, можна заўважыць своеасаблівую перамену роляў. У 2000 годзе, калі большасьць апазыцыйных партыяў Беларусі байкатавала выбары ў палату прадстаўнікоў, кіраўнік расейскага “Яблока” казаў беларускім калегам, што яны робяць глупства. Паводле тагачасных заўвагаў Яўлінскага, дэмакратычныя апазыцыйныя партыі, што змагаюцца з аўтарытарызмам, маюць тры магчымасьці: эміграваць, ісьці ў партызаны і ўдзельнічаць у выбарах, якіямі б несправядлівымі і недэмакратычнамі яны ні былі. Палітычны досьвед, правал кампаніі байкоту ўпэўніў беларускіх апазыцыянэраў у слушнасьці парадаў расейскага калегі: большасьць беларускіх дэмакратычных партыяў узяла ўдзел і ў прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году, і ў сёлетніх мясцовых выбарах. Пры гэтым варта заўважыць, што пры ўсіх асаблівасьцях расейскай “кіраванай дэмакратыі” ўмовы правядзеньня апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі былі для апазыцыі значна горшыя, чым расейскія. Але, як бачым, сутыкнуўшыся са значна меншымі цяжкасьцямі, чым даводзіцца сутыкацца яго беларускім калегам, сп. Яўлінскі забыў свае ўрокі беларусам. Зьяжджаць з Расеі лідэр “Яблока” нібыта не зьбіраецца, сыходзіць у падмаскоўныя лясы са стрэльбай – таксама. Але і ў выбарах удзельнічаць ня будзе.
Праўда, на першы погляд шанцы на байкот у Расеі выглядаюць больш высокімі, чым у Беларусі. Беларусы ўсе апошнія гады вызначаліся высокай яўкай на выбары, у Расеі нават у папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах удзельнічалі 52%. Але па-першае, заклік да байкоту, як паказвае і беларускі досьвед, узьдзейнічае толькі на самы адданы электарат партыі, якая выступае з такім заклікам. А наколькі ён зараз вялікі ў расейскіх дэмакратычных партыяў, паказалі думскія выбары. Па-другое, у такіх дзяржавах, як Беларусь і Расея, у прэзыдэнцкіх выбарах людзі звычайна ўдзельнічаюць больш актыўна, чым у парлямэнцкіх, бо адчуваюць, што абіраюць сапраўдную ўладу. Ну і нарэшце, расейская ўлада можа стварыць інтрыгу перадвыбарчай кампаніі з самых спробаў байкоту, палохаючы расейцаў пэрспэктываю безуладзьзя ў выпадку правалу выбараў.