Памятны знак на месцы самаспаленьня 21 мазырскага габрэя быў усталяваны 18 лістапада сёлета сіламі Ўсясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў. На шыльдзе, прымацаванай да вялікага каменя, па-беларуску, па-ангельску й на іўрыце было напісана: “ Беларуская масада. На гэтым месцы будзе ўсталяваны помнік мазырскім габрэям , якія зьдзейсьнілі самаспаленьне восеньню 1941 году. Яна палічылі за лепшае памерці, чым скарыцца ворагу”. Гэты знак прастаяў у Мазыры толькі 3 тыдні, пасьля чаго зьнік. Гаворыць Якаў Гутман:
(Гутман: ) “Гэтае месца мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Сярод тых, хто там згарэў, быў і мой дзед. І я маю дазвол, тады яшчэ Камітэту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, на ўсталяваньне гэтай шыльды. Тыдзень таму выканкам ліквідаў і дошку, і камень. Цяпер там нічога няма. Таму я лічу, што маю права гаварыць аб дзяржаўным антысэмітызьме ў Рэспубліцы Беларусь”.
Кіраўнік Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў ставіць ліквідацыю памятнага знака ў адзін шэраг са зьнішчэньнем старых габрэйскіх могілак у тым жа Мазыры падчас пракладкі газаправоду і ў Горадні падчас рэканструкцыі стадыёну, а таксама з разбурэньнем сынагогаў на менскіх вуліцах Няміга й Дзімітрава.
Якаў Гутман актыўна выступаў супраць гэтых актаў вандалізму й пісаў звароты ў розныя дзяржаўныя ўстановы. Гэтая актыўнасьць не засталася не заўважанай уладамі. Днямі Якаў Гутман атрымаў папярэджаньне, падпісанае намесьнікам генэральнага пракурора Беларусі Мікалаем Купрыянавым. Намесьнік генпракурора папярэджвае спадара Гутмана аб недапушчальнасьці выступаў ад імя не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі – Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў. А таксама нагадвае, што Якаў Гутман можа быць прыцягнуты да прадугледжанай законам адказнасьці.
Якаў Гутман працягвае:
(Гутман: ) “Для мяне асабіста зразумела, што ў гэтай краіне нічога нельга зьмяніць, як нельга было зрабіць у Іраку знутры, у Савецкім Саюзе за Сталіным, у Паўночнай Карэі, Лівіі, Сырыі. Я ўпэўнены, што нічога нельга зрабіць адсюль. Зьвяртацца ўжо няма да каго. Ні пракуратура, ні МУС, ні Камітэт дзяржкантролю, ні сам прэзыдэнт нічога ня робяць. Значыць, зьвяртацца няма да каго”.
Неўзабаве спадар Гутман зьбіраецца выехаць у ЗША. Там ён будзе заклікаць габрэяў – выхадцаў зь Беларусі патрабаваць ад амэрыканскага ўраду распачаць ціск на беларускія ўлады, каб тыя ўрэшце спынілі зьнішчэньне могілак, сынагогаў ды іншых сьвятыняў.