СПРАВА КРЫЧАЎСКАГА НЕДЗЯРЖАЎНАГА ВЫДАНЬНЯ БУДЗЕ РАЗГЯДАЦЦА Ў ВЫШЭЙШЫМ ГАСПАДАРЧЫМ СУДЗЕ

Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Крычавец патрабуе прызнаць несапраўдным рашэньне райвыканкаму, які адмаўляецца ўзгадніць юрыдычны адрас газэты Кудраўцава “Уласны камэнтар”. Пазоўнік лічыць, што мясцовая ўлада дзейнічае незаконна, каб не дапусціць выданьне ў Крычаве дэмакратычнай газэты.

Цяпер лёс “Уласнага камэнтара” будзе вырашацца ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, які запатрабаваў крычаўскую справу і будзе разглядаць яе як суд першай інстанцыі.

У горадзе Крычаве зараз няма ніводнага недзяржаўнага зарэгістраванага выданьня. Ранейшыя спробы крычаўскіх дэмакратаў зарэгістраваць выданьне “Вольны горад” і “Новую газэту Крычава” скончыліся няўдала з той жа прычыны – мясцовая “вэртыкаль” адмовілася ўзгадніць юрыдычныя адрасы рэдакцыяў. Інфармацыйна-аналітычны тыднёвік “Уласны камэнтар” застаўся адзінай надзеяй крычаўскіх дэмакратаў мець выданьне, альтэрнатыўнае афіцыйнай раённай газэце “Ленінскі кліч”.