"БЕЛАВІЯ" НЯ БУДЗЕ ЛЁТАЦЬ У ПРАГУ

Ігар Карней, Менск

Яшчэ зусім нядаўна кампанія "Белавія" абвесьціла, што дзякуючы набытаму ёю "Боінгу 737-500", значна пашырылася геаграфія перавозак. І вось зьявілася інфармацыя, што ад 1 лютага скасоўваюцца рэйсы ў Прагу, якія цягам апошняга дзесяцігодзьдзя рэгулярна выконвала "Белавія". Аднак, прадстаўнікі кампаніі загадзя пра гэта не сьпяшаюцца папярэдзіць кліентаў. Вось як адрэагаваў на пытаньне — чаму ўсё ж самалёты здымаюцца з гэтага маршруту, начальнік аддзелу рэгулярных перавозак "Белавія" Сяргей Паўловіч.

(Паўловіч: ) "Адкуль у вас інфармацыя гэтая?"

(Карэспандэнт: ) "У Празе пра гэта, прынамсі, ведаюць амаль усе..."

(Паўловіч: ) "Ну, я ўсё зразумеў. Яшчэ пакуль пытаньне не стоадсоткава вырашанае. Але ёсьць такая верагоднасьць. Да таго ж, у Празе па-ранейшаму працуе наш прадстаўнік".

(Карэспандэнт: ) "Але калі рэйсы скасоўваюцца, ці значыць, што гэта можна патлумачыць толькі недастатковым попытам?"

(Паўловіч: ) "Можа быць нават так, вы маеце рацыю".

Спадар Паўловіч дадаў: у іншых напрамках бліжэйшым часам кампанія ня будзе рабіць істотных карэктываў.

Прадстаўнік "Белавія" ў Чэхіі Ігар Вінчаль пацьвердзіў, што беларускае прадстаўніцтва дажывае там апошнія месяцы.

(Вінчаль: ) "Гэта як жывы арганізм, трэба рэагаваць імгненна на зьмены. Таму ад першага лютага нашага рэйсу ўжо няма ў сыстэме рэзэрвацыі. Калі людзі будуць ляцець зь Менску, прадугледжаныя стыкоўкі. Квіток стане даражэйшым, але ў нас нармалёвыя пагадненьні з партнэрамі. Пасажыры могуць ляцець праз Варшаву, Вену, Франкфурт-на-Майне — гэта ўжо адпрацаваны мэханізм. Пытаньне вырашанае. А прадстаўніцтва нашае зачыніцца".

Якімі будуць наступствы скасаваньня рэйса для пасажыраў? Калі дагэтуль квіток годнасьцю 1 месяц у два бакі самалётам "Белавія" да чэскай сталіцы каштаваў 278 даляраў, то транзытам праз Варшаву на ляйнэрах польскай кампаніі "LOT" будзе каштаваць 345 даляраў. Нямецкая "Lufthansa" (праз Франкфурт-на-Майне) даставіць у Прагу за 630 даляраў, "Аўстрыйскімі авіялініямі" да Прагі патрапіць яшчэ даражэй — 640 даляраў. Да таго ж, практычна ўсе, хто з рознай рэгулярнасьцю лётае ў Прагу рэйсамі "Белавія", кажуць: нават пры тым, што сэрвіс не адпавядае міжнародным стандартам, а самалёт "Як-40" не вытрымлівае ніякай крытыкі (якраз год таму ў небе над Прагай у яго трэснула лабавое шкло) усё кампэнсавалася хуткасьцю. Цяпер жа, замест дзьвюх гадзінаў, давядзецца змарнаваць ці ня цэлы дзень.