Апошняе сёлета паседжаньне Сталай рады АБСЭ нарэшце разгледзела беларускае пытаньне, якое ўвесь час адкладалася. Было прынятае рашэньне, сутнасьць якога паведаміла мне крыніца ў венскай штаб-кватэры АБСЭ:
(Крыніца: ) “Падоўжаньне мандату сапраўды разглядалася сёньня, і яно было прынятае. Гэта так званая працэдура паводле змаўчаньня. Калі да 9-й раніцы 24 сьнежня ніхто з дэлегацыяў ня выкажацца супраць гэтага рашэньня, значыць, яно аўтаматычна ўступае ў сілу”.
Супрацоўнік штаб-кватэры АБСЭ дадаў, што такая форма рашэньня, як правіла, азначае, што ўсе пагадзіліся. Але трэба дачакацца раніцы 24 сьнежня, каб канчаткова сьцьвярджаць, што мандат менскага офісу АБСЭ падоўжаны. Гэты шлях вырашэньня праблемы быў прапанаваны беларускай дэлегацыяй і падтрыманы старшынём Сталай рады АБСЭ – прадстаўніком Нідэрляндаў.
Кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен гэтае рашэньне Сталай рады пакуль не камэнтаваў. У інтэрвію “Белорусской деловой газете” ён толькі зазначыў, што беларуская дэлегацыя ў Вене чакала інструкцыяў ад ураду зь Менску ды што ён ня ведае прычынаў затрымкі зь беларускага боку. А прэсавая сакратарка офісу Гайды Сьміт адмовілася пацьвердзіць, што мандат офісу падоўжаны:
(Сьміт: ) “Не, гэта праз працэдуру змаўчаньня. Усё, што я магу сказаць, – калі ніхто не пярэчыць да 9-й раніцы 24 сьнежня, дык тады мандат падоўжаны”.
Спадарыня Сьміт паведаміла, што ў пачатку наступнага тыдня можа быць праведзеная прэсавая канфэрэнцыя офісу АБСЭ ў Менску.