Хварэць будуць перадусім дзеці ва ўзросьце да 14 гадоў, таму ўжо сёньня на карантын зачыненыя 25 школаў краіны. Мэдыкі прагназуюць, што сёлета хворых будзе больш, чым у мінулыя гады, але галоўным клопатам для іх можа стаць новая форма грыпу, а таксама нетыповая пнэўманія. Чыноўнікі ад мэдыцыны кажуць, што ня маюць адмысловай сыстэмы супрацьстаяньня вірусам, але заспакойваюць людзей сваёй гатовасьцю сустрэць гэтыя хваробы. Гаворыць намесьнік міністра аховы здароўя Валеры Ключановіч.
(Ключановіч: ) “Чаму мы ўвязваем атыповую пнэўманію й грып? Гэта больш для мэдыкаў. У агульным пляне мы гатовыя сустрэць такога хворага. Калі ўзьнікне гэткая неабходнасьць, то, напэўна, мы й выйдзем на нейкія дзяржаўныя рашэньні”.
Аднак малавядомыя мэдыкам захворваньні ўжо выяўленыя. Вось што распавёў нашаму радыё адзін з такіх захварэлых – журналіст Юрась Карманаў, які лечыцца цяпер у адным зь менскіх шпіталяў.
(Карманаў: ) “Дзевяноста адсоткаў хворых апісваюць аднолькавае й вельмі дзіўнае працяканьне хваробы: першыя 5-6 дзён трымаецца вельмі высокая тэмпература. І звычайны дыягназ – вострая рэспіраторна-вірусная інфэкцыя. На сёмы дзень, калі тэмпература крыху зьніжаецца, раптоўна высьвятляецца, што чалавек захварэў на пнэўманію. У маім выпадку – гэта двухбаковая крупозная пнэўманія. Але звычайна пнэўманія мае адваротныя сымптомы. Лекары ніяк не камэнтуюць сытуацыю й адмаўляюцца нешта казаць пра новы й вельмі небясьпечны вірус грыпу. Яны толькі дзівяцца наплыву пацыентаў з дыягназам пнэўманія – людзі ляжаць проста ў калідорах – і прызначаюць ім традыцыйны курс лячэньня антыбіётыкамі”.
Адным са шляхоў папярэджаньня хваробы па-ранейшаму застаецца вакцынацыя. Але з прычыны недахопу грошай Міністэрства аховы здароўя сёлета набыла ўсяго 600 тысячоў дозаў супрацьгрыпознай вакцыны выключна для групаў падвышанай рызыкі – мэдыкаў і пэнсіянэраў. Але й сярод іх многія адмаўляюцца ад прывівак – з прычыны вялікіх чэргаў у паліклініках ды агульнага недаверу да айчыннай мэдыцыны. Вось што кажуць людзі на вуліцах гораду.
(Карэспандэнтка: ) “Прывіўку ад грыпу вы не спрабавалі зрабіць?”
(Спадарыня: ) “Канечне не. Я маю адносіны да мэдыцыны й ведаю колькі выпадкаў інваліднасьці, сьмяротных выпадкаў пасьля прывівак здараецца. Малазабясьпечаныя слаі насельніцтва, пэнсіянэры ня змогуць набываць лекі. Гэта значыць, што калі я захварэю, то хутчэй за ўсё лячыцца я ня буду”.
(Спадар: ) “Я калі захварэў, дык жонка мне нагрэла кіпятку, солі ўсыпала й – ногі туды – чырвоныя робяцца, як у бусла, а пасьля яшчэ ваўняныя наскі наверх і ў ложак. Вось і ўсё лячэньне”.
Паводле мэдыкаў, сёлета эпідэмія грыпу ў Беларусі будзе доўжыцца ня менш як пяць-шэсьць тыдняў.