АЛЯКСАНДРУ ЛУКАШЭНКУ НЕ ПАТРЭБНАЯ ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ “З КУКІШАМ У КІШЭНІ”

Ігар Карней, Менск

На размову з Аляксандрам Лукашэнкам былі запрошаныя кіраўнікі творчых саюзаў і ляяльныя да ўлады творцы. У тэлерэпартажах з сустрэчы былі заўважаныя твары Ігара Лучанка, Міхаіла Савіцкага, Юрыя Гільдзюка, Раісы Баравіковай, Міхаіла Фінберга, Васіля Раінчыка, Паўла Якубовіча. Лукашэнка сфармуляваў, якая інтэлігенцыя патрэбная дзяржаве на чале зь ім: гэта – людзі, “якія не замыкаюцца ў вузкіх межах “мастацтва дзеля мастацтва”, а выконваюць свой грамадзянскі, творчы абавязак, аддаючы талент служэньня радзіме і народу”. Даведаліся майстры мастацтва і пра тое, якая інтэлігенцыя дзяржаве не патрэбная:

(Лукашэнка: ) “Нам не патрэбныя кішэнныя “салодкапеўцы”, “лакіроўшчыкі”, сачыніцелі “славаслоўя”; непатрэбныя “пярэваратні”… Сёньня краіна мае патрэбу ў чэсных, мужных мастаках, патрыётах у сапраўдным сэнсе гэтага слова…”

Лукашэнка, аналізуючы стан сучаснай літаратуры і мастацтва, сярод іншага скрытыкаваў беларускіх пісьменьнікаў, якія, на ягонае перакананьне, нічога вартага ўвагі так і не стварылі. Паэт Леанід Дранько-Майсюк, якога толькі аднойчы, пяць гадоў таму, запрашалі на сустрэчу з Лукашэнкам, перакананы: у цяперашняй сытуацыі размовы аб ролі інтэлігенцыі — ня болей як прафанацыя.

(Дранько-Майсюк: ) "На вялікі жаль, такія сустрэчы амаль безвыніковыя. У 1998 годзе я ўдзельнічаў у такой сустрэчы і застаўся незадаволены ейным вынікам: па сутнасьці, выніку ніякага і не было. У прыватнасьці, літаратура нашая існуе сама па сабе. Калі б дзяржава была больш зацікаўленая ў кожным творцы і ўвогуле ў беларускай літаратуры, беларускай мове — як асноўным нацыянальным скарбе, — то рупілася б куды больш".

Паэт Уладзімер Някляеў у часы, калі ён кіраваў Саюзам пісьменьнікаў, таксама браў удзел у адной з такіх пераднавагодніх сустрэчаў людзей культуры з Аляксандрам Лукашэнкам. Тады ён узьняў прынцыповае пытаньне пра стан беларускай мовы ў Беларусі, але ў адказ атрымаў жорсткі “адлуп” кіраўніка дзяржавы, а пазьней і непрыемнасьці, з прычыны якіх вымушаны быў зьехаць за мяжу. Я патэлефанаваў Някляеву ў Гельсынкі, і ён расказаў пра свой досьвед дыскусіі з Аляксандрам Лукашэнкам:

(Някляеў: ) "Гэта было прагматычна. Сапраўды, былі нейкія надзеі, бо Лукашэнка ў адносінах да беларушчыны яшчэ да донца ня быў прасьветлены. Мне, ва ўсялякім выпадку, здавалася, што там нешта можна зварухнуць: тут жа жыў, на сваёй зямлі чалавек, ня можа быць, каб быў зусім глухі да роднага! Але аказалася, што гэта ня так, і ён да роднага якраз глухі: пры ўсіх ягоных сёньняшніх размовах пра незалежнасьць, гэта размовы толькі пра асабісты лёс, толькі пра асабістую ўладу. Нічога добрага з гэтых сустрэчаў ня будзе вынікаць, бо агульная палітыка ідзе на зьнішчэньне ўсяго беларускага — як супрацьстаяньне вось гэтай самай палітыцы панічнага захаваньня асабістай улады... Зараз ні за што на такую сустрэчу не пайшоў бы, бо гэта ўжо, відавочна, не самапавага да саміх сябе. Але людзі ўсё адно чапляюцца за нейкую надзею, што вось-вось нешта адбудзецца. Я, усё пра яго ўжо ведаючы, скажу і творчай інтэлігенцыі, і апазыцыі: хлопцы, нічога ня будзе…"