АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПРАПАНУЕ СЯРГЕЯ СІДОРСКАГА НА ПАСАДУ ПРЭМ’ЕР-МІНІСТРА

Уладімер Глод, Менск

Згодна з Канстытуцыяй, прэмьера мусіць зацьвердзіць Палата прадстаўнікоў. Сёлета апошнія два плянарныя паседжаньні пройдуць 18 і 19 сьнежня. А наступная сэсія пачнецца толькі 2 красавіка 2004 году. Таму Аляксандар Лукашэнка сьпяшаецца. Некаторыя камісіі Палаты пачалі абмяркоўваць кандыдатуру спадара Сідорскага ў другой палове дня 17 сьнежня, некаторыя зьбяруцца раніцай 18 сьнежня. Але самі дэпутаты не чакаюць ад камісіяў нейкіх нечаканых рашэньняў. Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяркей Скрабец упэўнены, што ягоныя калегі вымушаныя падтрымаць пранаваную кандыдатуру:

(Скрабец: ) “А ці ёсьць яму альтэрнатыва ці іншая прапанова ад дэпутатаў? Няма. Яе і ня можа быць, бо гэта справа не дэпутатаў, а прэзыдэнта – вылучаць таго, каго ён лічыць неабходным бачыць на гэтай пасадзе”.

Апошні прэм’ер беларускага ўраду Генадзь Навіцкі быў звольнены 10 ліпеня 2003 году. А праз два дні выканаўцам абавязкаў прэм’ера прызначылі Сяргея Сідорскага.

Былы кіраўнік ўраду Беларусі Міхаіл Чыгір не ў захапленьні ад магчымага прызначэньня:

(Чыгір: ) "Я яго ня ведаю добра. Ён вёў перамовы з Масквой. І калі публічна прэм’ер Расеі гаворыць, што ён не разумее, што кажа прэм’ер Беларусі, то, зыходзячы з гэтага факту, я думаю, што гэта вельмі дрэнна".

Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка лічыць, што адказны чалавек на такую пасаду не пайшоў бы:

(Заіка: ) "Узяцца цяпер за прэм’ерства, калі адпакутаваныя лічбы: 10% валавага ўнутранага прадукту, 20% інвэстыцыяў, 12% аграрнага прыросту? Любы чыноўнік сярэдніх здольнасьцяў не пайшоў бы на гэтую пасаду. Наагул, абсалютна нічога ад гэтага ня зьменіцца. Сідорскі ня здольны генэраваць самастойную эканамічную палітыку, самастойнае канцэптуальнае бачаньне разьвіцьця. У яго проста няма для гэтага магчымасьцяў. Ён ня так рыхтаваўся ў жыцьці. Ён – інжынэр, дырэктар прадпрыемства. І чакаць ад яго, што ён стане сыстэмнікам, лідэрам, канцэптуалістам – немагчыма. Так што можна спакойна спаць. Калі нешта здарыцца, то, хутчэй за ўсё, зь ім”.