ГРУПА КРАІНАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ МОЖА ПАЧАЦЬ БОЛЬШ ШЧЫЛЬНУЮ ІНТЭГРАЦЫЮ

Аляксей Знаткевіч, Прага

Многія эўрапейскія дыпляматы скрытыкавалі італьянскага прэм’ер-міністра Сыльвіё Бэрлюсконі, які старшыняваў на правальным саміце. На паседжаньні ў пятніцу Бэрлюсконі сказаў калегам, што лепей бы абмяркоўваў жанчынаў і футбол, чым праект Канстытуцыі Эўразьвязу. Ён таксама не хаваў жаданьня скончыць саміт раней, каб пасьпець на футбол у нядзелю – у Токіё клюб “Мілян”, якім ён валодае, граў супраць чэмпіёнаў Аргентыны “Бока Хуніёрс”. На палове паседжаньняў, дзе старшыняваў Бэрлюсконі, італьянскія дыпляматы нават не вялі запісаў.

Але нават калі б старшыня паводзіў сябе больш сур’ёзна, наўрад ці гэта дапамагло б прыняць Канстытуцыю Эўразьвязу. Нявырашанай засталася асноўная супярэчнасць – мэханізм галасаваньня. Гішпанія і найперш Польшча не захацелі пагадзіцца на змяншэньне колькасьці сваіх галасоў у прыняцьці рашэньняў Эўразьвязу.

Прэсавы сакратар старшыні Эўракамсіі Рамана Проды Рэё Кэмпінэн заявіў, што няма сэнсу вінаваціць у правале перамоваў нейкую адну краіну.

(Кэмпінэн: ) “Відавочна, што ўсе краіны-сябры нясуць калектыўную адказнасьць за правал. Яны ўсе цяпер павінныя вельмі сур’ёзна падумаць, што рабіць далей. Ясна, што нам трэба час, каб абдумаць і ўзважыць некаторыя пытаньні”.

Выглядае, што Францыя і Нямеччына, які найбольш адстойвалі праект Канстытуцыі Эўразьвязу, былі гатовыя да правалу. Адразу ж па сканчэньні саміту яны абвесьцілі аб намеры распачаць больш шчыльную інтэграцыю вузейшым колам краінаў. Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак сказаў, што гэтыя краіны паслужаць прыкладам для іншых.

Паводле пагадненьня ў Ніцы, дазваляецца больш шчыльнае супрацоўніцтва асобнай групы унутры Эўразьвязу, калі да гэтай групы далучацца прынамсі восем краінаў. Акрамя шасьці краінаў-заснавальніц Эўразьвязу – Нямеччыны, Францыі, Італіі, Бэльгіі, Нідэрляндаў і Люксэмбургу – аб сваёй зацікаўленасьці ўжо заявілі Грэцыя і Вугоршчына.