БЮДЖЭТ НА 2004 ГОД АПЛАТЫ ЗА ЖЫЛЬЛЁВА-КАМУНАЛЬНЫЯ ПАСЛУГІ ДЛЯ НАСЕЛЬНІЦТВА НЕ АБМЯЖОЎВАЕ

Уладзімер Глод, Менск

Дэпутаты Ўладзімер Навасяд і Ўладзімер Парфяновіч пасьля першага чытаньня праекту бюджэту прапанавалі кароткую папраўку: замест “ня менш 60%” упісаць у бюджэт “ня больш 60%”. Такая фармулёўка ўсталёўвала бы верхнюю мяжу для насельніцтва, якая, дарэчы, адпавядае норме, закладзенай у бюджэт 2003 году. Гэтую папраўку разам яшчэ з дваццацю іншымі накіравалі для ўзгадненьня кіраўніку беларускай дзяржавы. Але, як паведаміў пры разглядзе бюджэту ў другім чытаньні старшыня профільнай камісіі Палаты Сяргей Кісялёў, Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся толькі зь пяцьцю прапановамі. Папраўка Навасяда-Парфяновіча ў іх лік не патрапіла. Вось чаму верхняй мяжы фактычна няма.

Праўда, у бюджэце таксама запісана, што дзяржава будзе фінансаваць да 25% агульнай сумы выдаткаў. Але “да 25%” таксама лічба недакладная. Гэта можа быць і сапраўды 25%, а можа — 2–3%. Вось такі “гумавы” атрымаўся дакумэнт. Ёсьць у бюджэце яшчэ спасылка на ўласныя прыбыткі прадпрыемстваў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, але такіх прыбыткаў амаль ніхто ня мае. Мабыць, таму з афіцыйных асобаў ніхто так і ня ўзяўся дакладна адказаць на пытаньне, колькі ж грошай будуць плаціць звычайныя спажыўцы за ваду, каналізацыю, сьвятло, газ ды іншыя паслугі.

Уладзімер Парфяновіч хацеў даказаць недарэчнасьць такога падыходу. Але з гэтага нічога не атрымалася, паколькі большасьць дэпутатаў вырашыла галасаваць за бюджэт безь ягонага абмеркаваньня, адразу пасьля выступу спадара Кісялёва.

Незалежны экспэрт — кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук прагназуе, што такі падыход выкліча рост цэнаў на жыльлёва-камунальныя паслугі:

(Раманчук: ) “Такім чынам, аплата сярэдняй кватэры будзе каштаваць 50–60 даляраў. Гэта значная сума. Адпаведны ўзрост заробкаў і пэнсіяў не прадугледжаны. Думаю, гэтае падвышэньне адбываецца па-за кантэкстам перагляду тарыфаў. Гэта давядзе ўзровень аплаты жыльлёва-камунальных паслугаў насельніцтву да 25–30% для сярэдняй сям’і. А для пэнсіянэраў гэта лічба можа дасягнуць да 50%”.

Дэпутаты Палаты прынялі бюджэт на 2004 год з дэфіцытам на 690 мільярдаў беларускіх рублёў. Для таго, каб новы бюджэт стаў законам, яго мусіць яшчэ ўхваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандар Лукашэнка.