Нібыта дзеля таго, каб выратаваць гэты твор, Марыя Дзялун пазычыла ў грамадзянаў больш за 200 тысяч даляраў пад вялікія адсоткі, але нічога не вярнула. У справе фігуруюць 26 падманутых, але насамрэч пацярпелых можа быць значна больш, бо некаторыя дагэтуль баяцца заявіць пра свае прэтэнзіі з прычыны адказнасьці за незаконныя валютныя апэрацыі. У сваю “піраміду” Марыя Дзялун уцягвала найперш людзей, якія лёгка спакушаліся дармавымі грашыма. Але былі сярод іх і тыя, хто апынуўся ў безвыходным становішчы. Марыя Гушча марыла падвоіць сабраныя грошы, бо не хапала на апэрацыю дачцэ-інваліду:
(Гушча: ) “Ніхто ня верыў, што гэта піраміда, настолькі яна пераканаўча тлумачыла, што грошы ў банку. Аднойчы я наўпрост спытала, дзе нашыя грошы, і тады яна сказала, што займаецца ценевым бізнэсам. Маўляў, зброя, наркотыкі, Чачэнія — вось там грошы. Гэта літаральна паводле яе словаў. Я разумела, што гэта не зусім сумленна, але за сваё дзіця я гатовая была аддаць душу д’яблу”.
Ні сьледзтва, ні суд ня высьветлілі, куды Марыя Дзялун падзела пазычаныя тысячы даляраў. Пацярпелыя ўжо заявілі пра свой намер дамагчыся для Марыі Дзялун больш жорсткага пакараньня.