У МАСКОЎСКІМ СУДЗЕ МЕНСКУ БУДЗЕ ВЫНЕСЕНЫ ПРЫСУД МАРЫІ ДЗЯЛУН

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Два тыдні ў Маскоўскім судзе Менску слухалася “габэленавая справа” — гэткую назву атрымала справа былой дырэктаркі прыватнай галерэі “Штандар” Марыі Дзялун, якую пракуратура абвінаваціла ў махлярстве. Марыя Дзялун спрабавала ўратаваць славуты твор мастака Аляксандра Кішчанкі, “габэлен стагодзьдзя”, праз сбор сродкаў на ягоны продаж на адным з усясьветна вядомых аўкцыёнаў. Яна сабрала на гэтыя мэты з даверлівых грамадзянаў пад працэнты больш як 250 тысяч даляраў, але і габэлену не прадала, і грошай не вярнула. У судзе людзі, якія ёй даверылі свае сродкі, у адзін голас казалі, што іх падманулі менавіта высокія словы пра ўратаваньне мастацкага твору.

(Пацярпелая: ) “Вось на гэтым і папаліся, бо людзі даверлівыя, далёкія ад махлярства. Яна ж казала, што справа шляхетная, выратаваньне мастацтва, прыкрывалася вядомымі імёнамі, што ёй дапамогуць. Мы ведалі, што яна ўваходзіць ў элітны клюб дзелавых жанчын, у якім і Тамара Віньнікава, а туды, маўляў, унёсак 1 тысяча даляраў. Таму ёй і верылі, калі сказала, што грошы нашыя будуць пакладзеныя ў банк пад добры адсотак”, — гэтак заяўляла ў судзе адна з пацярпелых.

Адвакаты абвінавачанай даказвалі на працэсе, што пацярпелыя таксама дзейнічалі небездакорна. Маўляў, яны добра ведалі, што іх грошы ідуць ня ў банк, але гатовыя былі заплюшчыць вочы на любыя махлярствы, толькі б ім спраўна плацілі прыбытак. І варта зазаначыць, што пэўны час Марыя Дзялун сапраўды плаціла адсоткі на ўклады сваіх кліентаў, але прыйшоў час, і піраміда, якую яна стварыла з удзелам некалькіх дзясяткаў чалавек, развалілася. Цяпер некаторыя зь іх патрабуюць ня толькі вярнуць ім страчаныя грошы ды адсоткі на іх, але і пакрыць маральныя страты. Прыкладам, адзін з пацярпелых ацаніў свае маральныя пакуты на 20 тысяч даляраў. Марыя Дзялун гэтыя грошы аддаць катэгарячна адмаўляецца, яна згодна вярнуць толькі тое, што ёй пазычылі. Але пры ўмове вызваленьня і магчымасьці завершыць праект.

Дарэчы, у гэтым яшчэ адно падабенства гэтай гісторыі са славутым “МММ” расейскага махляра Маўродзі. Той таксама заяўляў, што аддасьць грошы ўкладчыкам, калі яму ня будуць перашкаджаць.

На мінулым тыдні пракурор запрасіў суд пакараць Марыю Дзялун 10 гадамі турмы з канфіскацыяй маёмасьці ды задаволіць большасьць матэрыяльных прэтэнзіяў да яе асобных грамадзянаў. Мала хто з удзельнікаў працэсу сумняецца, што суд прызнае яе вінаватай, але наконт грошаў меркаваньні разыходзяцца. Пры арышце ў Марыі Дзялун значных сродкаў не знайшлі, куды яна падзела больш за 250 тысяч даляраў, сьледзтва ня ведае.

У пацярпелых разьлік толькі на тое, што калісьці будзе прададзены габэлен Аляксандра Кішчанкі, які можа каштаваць некалькі мільёнаў даляраў. Бо трэцяя частка гэтага габэлену належыць Марыі Дзялун. Але хто цяпер рызыкне займацца ягоным продажам? Пакуль такіх ахвотнікаў няма, і “габэлен стагодзьдзя” пыліцца ў былой майстэрні мастака.