ПРЭЗЫДЭНТА ЎКРАІНЫ ЗМОЖА АБІРАЦЬ ПАРЛЯМЭНТ

Аляксей Знаткевіч, Прага

Леанід Кучма ўжо заявіў, што ня будзе балятавацца на прэзыдэнта Ўкраіны трэці раз. У любым выпадку, украінская канстытуцыя забараняе трэці прэзыдэнцкі тэрмін для аднаго чалавека.

Але Кучма і ягонае атачэньне шукаюць шляхі захаваць уладу. Калі да ўлады прыйдзе апазыцыя, цяперашняе кіраўніцтва ня толькі згубіць фінансавыя магчымасьці, але й можа патрапіць пад суд паводле абвінавачаньняў у карупцыі і нават забойстве.

Паводле апытаньняў, найбольш верагодным пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах у наступным годзе быў бы Віктар Юшчанка – лідэр “Нашай Украіны”, найбуйнейшай дэмакратычнай фракцыі ва ўкраінскім парлямэнце. Таму прэзыдэнцкая адміністрацыя Ўкраіны зьвяртаецца ў Канстытуцыйны суд, каб знайсьці для Кучмы спосаб затрымацца ва ўладзе.

Суд, які рэгулярна падтрымлівае Кучму, ў чацьвер назваў законнай прапанову ператварыць Украіну ў парлямэнцкую рэспубліку, дзе асноўную ўладу меў бы прэм’ер-міністар. Пры гэтым цяперашні парлямэнт у наступным годзе абіраў бы прэзыдэнта, які быў бы ва ўладзе да 2007 году. Паводле іншай прапановы, паўнамоцтвы прэзыдэнта, абранага ў наступным годзе, абмяжоўваюцца, а ўжо ў 2006 годзе прэзыдэнта абірае парлямэнт.

Каб зацьвердзіць любую з гэтых прапановаў, трэба дзьве траціны галасоў у парлямэнце, чаго Кучма ня мае. Але “за” могуць выказацца камуністы, якім не да спадобы прэзыдэнцкая сыстэма.

Апазыцыя называе абедзьве прапановы спробай перавароту. Вось што сказаў дарадца Віктара Юшчанкі, дэпутат фракцыі “Наша Ўкраіна” Алег Рыбачук:

(Рыбачук: ) “За месяц ці два да выбараў зьмяняць Канстытуцыю, так што можа атрымацца наступны сцэнар. Напрыклад Кучму-прэзыдэнта парлямэнт папросіць стаць прэм’ер-міністрам. Тады Кучма-прэзыдэнт вылучае кандыдатуру Кучмы прэм’ер-міністра на просьбу парлямэнту, і тады інстытут прэзыдэнцтва будзе практычна зьнішчаны”.

Некаторыя паплечнікі Кучмы таксама заяўляюць, што ён мае права яшчэ раз вылучацца на пасаду прэзыдэнта, бо цяперашняя ўкраінская Канстытуцыя была прынятая толькі ў 1996 годзе, калі Кучма ўжо быў абраны кіраўніком дзяржавы.