ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ БЕЛАРУСАЎ — АД ГОРНЫХ ЛЫЖАЎ ДА БАБСЛЭЮ

Ігар Карней, Менск

У калядныя сьвяты, асабліва ў дні зімовых школьных вакацыяў, купіць квіток на аўтобус ці самалёт у Чэхію, Славаччыну, Аўстрыю становіцца праблемай. Нягледзячы на тое, што леташняя зіма абвесьціла пра новае захапленьне беларусаў паведамленьнямі пра траўмы і нават сьмерць маладой дзяўчыны на горналыжным курорце ў Чэхіі, попыт на такі від адпачынку расьце.

Беларускія турапэратары з задавальненьнем адзначаюць: пачатак сёлетняга зімовага сэзону вызначаецца бумам на горны турызм, а значыць, будуць неблагія прыбыткі. Але з чаго раптам у небагатай краіне ўзьнікла такое захапленьне нятанным адпачынкам? — пытаюся ў кіраўніка рэклямна-турыстычнага агенцтва “Эдэльвэйс” Івана Кобзіка. Даніна модзе ці клопат пра здароўе?

(Кобзік: ) “Наконт здароўя цяжка сказаць: усё ж горналыжны спорт дастаткова небясьпечны, і страхоўка там нашмат даражэйшая, чым тады, калі едзеш у экскурсійны тур ці паваляцца на пляжы. У гэтым сэнсе мы, насуперак усялякім унутраным ці зьнешнім фактарам, рухаемся да цывілізаванага грамадзтва, якое без такога своеасаблівага экстрыму, без такіх забаваў ужо ня можа існаваць. Сапраўды, вельмі прыемна, што такія людзі зьяўляюцца, і ня толькі аматары традыцыйнага горналыжнага спорту, але і больш экстрэмальных — прыкладам, сноўборду ці санных відаў спорту. Магчыма, зьявяцца ў нас людзі, якія па цаліне, па ледніках будуць катацца. Але, безумоўна, гэта на парадак даражэй”.

Бальшыня турапэратараў прапануе горналыжныя туры ў адных і тых жа краінах: Чэхіі, Славаччыне, Польшчы, Аўстрыі. Кошты таксама прыблізна аднолькавыя. Але істотна вышэйшыя, чым на летні адпачынак. Прычыну адзін з турагентаў патлумачыў проста: калі на пляж хопіць адной пары плавак, то ў горы трэба цягнуць ці ня цэнтнэр дадатковага і нятаннага абсталяваньня.

У сярэднім за 10-дзённы тур беларускі горналыжнік-аматар павінен заплаціць, калі едзе ў Славаччыну, Чэхію ці Румынію — ад 500 да 800 даляраў. Польскі, баўгарскі ці турэцкі маршрут у сярэднім будзе каштаваць каля шасьці сотняў. У Андоры пачатковая сума складзе каля 800 даляраў, у Францыі — 1 тысячу. Аўстрыя з эўрапейскіх краінаў найдаражэйшая — ад 1200 да 2000 даляраў. Сёлета рэклямуецца нават такая экзатычная краіна як Новая Зэляндыя, дзе адначасна можна і на лыжах катацца, і ў моры плаваць. Толькі каб даляцець туды, трэба заплаціць каля 3000 даляраў. Кажуць, што пакуль ніводзін беларус на гэтую прапанову не адгукнуўся.

Нягледзячы на высокія кошты, прагнозы турапэратараў на гэты сэзон аптымістычныя. Мэнэджэр у турызьме Васіль Грынь, які працуе ў галіне горналыжнага турызму ўжо восем гадоў, добра ведае курорты Аўстрыі, Славаччыны, Чэхіі, іншых эўрапейскіх краінаў. Васіль прагназуе, што сёлета каля 10 тысяч беларусаў абяруць менавіта гэтыя маршруты. Гэта будзе абсалютны рэкорд для Беларусі. Але ён падкрэсьлівае адзін істотны нюанс: амаль цалкам гэта менская публіка. Правінцыю горналыжная ліхаманка пакуль не зачапіла. Васіль Грынь сам аддае перавагу менавіта горным лыжам.

(Грынь: ) “Мне падабаецца катацца ў Славаччыне і Аўстрыі. Зрэшты, з задавальненьнем можна пакатацца і ва Ўкраіне — адно што цяжка тым, хто толькі пачынае станавіцца на лыжы, бо там “кульгае” культура дагледжанасьці схілаў і трэба навучыцца атрымліваць задавальненьне з непадрыхтаваных трасаў. Калі людзі хочуць навучыцца катацца, і калі ёсьць грошы, ідэальна пачынаць зь якасных альпійскіх курортаў. Калі з гледзішча эканоміі, то пачынаць можна дзе заўгодна: у Славаччыне, Чэхіі, можна ў нас пад Лагойскам, альбо ў Баярах пад Маладэчнам. Стаць на лыжы можна ўсюды”.

Мяне гэтая выснова спэцыяліста зацікавіла, і ў першы ж сьнежны ўік-энд я згадаў, што ў знакамітых Раўбічах ёсьць трэніровачнае збудаваньне для фрыстайлістаў, таму найперш заехаў туды. Я ўбачыў вялікі заледзянелы драўляны насьціл, зь якога не на лыжах, а на кавалках лінолеўму зьяжджалі маладыя людзі.

(Зьміцер: ) “Якраз на лінолеўме атрымлімваецца самы экстрэмальны фрыстайл. Больш ні на чым бясьпечна для здароўя ня зьедзеш. Я прачытаў, што ў Раўбічах пабудавалі вялікія сьнегавыя гарматы і сьнег можа тут быць ледзь ня круглы год. На жаль, сёньня нічога ня ўбачыў”.

Увогуле ў Раўбічах даволі шмат людзей. Пры тым, што найлепшы час адной з галоўных зімовых спартовых арэнаў былога СССР застаўся ў мінулым, людзі, якім не па кішэні Аўстрыя ці Чэхія, працягваюць сюды ехаць, каб задаволіць свой спартовы імпэт. Спыняю хлопца, які з лыжамі ў руках накіроўваўся ў бок стаянкі аўтамабілю. Запытваю — як лыжня?

(Алесь: ) “Хуткасьці ніякай, бо лыжы айчынныя, “Тэлеханы”. Ехаць ня хочуць, так, пашкрабаў па сьнезе. Задавальненьня не атрымаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна, апроч звыклага катаньня на лыжах, знайсьці тут яшчэ нешта для сябе?”

(Алесь: ) “Пакуль што рэальна я бачыў прыбіральню і бар. Больш нічога. Але ў мяне іншая мара ёсьць — зьехаць зь якога-небудзь трампліну на ровары. Неяк ужо паспрабаваў туды зацягнуць ровар, але міліцыянты і мяне арыштавалі, і ровар забралі...”

За два кілямэтры да Лагойску на полацкай шашы ўжо пастаўленыя ўказальнікі, дзе трэба павярнуць, каб трапіць на горналыжны комплекс “Лагойск”. Сапраўды, у фантастычна прыгожым ляндшафце будуецца, паводле загаду Лукашэнкі, нацыянальны цэнтар зімовага турызму. І хоць загадана было здаць яго ў эксплюатацыю ў сьнежні, канца працы ня бачна. Наўрад ці сёлета ўдасца пакатацца на лагойскіх горках.

Але вернемся да замежных вандровак у горы. Людзі купляюць тур на 10 дзён і хочуць атрымаць задавальненьне ад нятаннага адпачынку. Пры гэтым нярэдка ігнаруюць інструктаж і без падрыхтоўкі выходзяць на лыжныя трасы. Вынік — леташняя сьмерць у чэскіх гарах беларускай дзяўчынкі, дзясяткі траўмаваных. Адмысловец у горных лыжах Васіль Грынь кажа, што горы сапраўды непрадказальныя. Галоўнае — ставіцца да іх з павагай і разуменьнем іхнай велічнасьці. Гэтак сама, як і да свайго здароўя.

(Грынь: ) “Езьдзіць на ровары таксама небясьпечна... Што б ні рабіў — усё патэнцыйна небясьпечна. Калі хтосьці гарантуе, што будзе суцэльнае задавальненьне — гэта не зусім правільна; я, прыкладам, не даю такіх гарантыяў. Гарантыю пакрыцьця нейкіх выдаткаў, зьвязаных зь лячэньнем, калі штосьці адбываецца, даюць страхавыя кампаніі, у якіх набываецца поліс. Усё астатняе залежыць, у першую чаргу, ад чалавека, і ягоная бясьпека ў тым ліку. Але не ад мэнэджэра турыстычнай фірмы. Для таго, каб катацца на горных лыжах, трэба валодаць элемэнтарнымі ведамі. Але зь людзьмі часта гаворыш, а яны ў адказ: навошта мне гід, інструктар; сам стану на лыжы і паеду. А ў выніку — траўмы, што заўгодна”.

Між іншым, бясьпека залежыць таксама і ад якасьці лыжаў, і ўвогуле ўсёй экіпіроўкі. Ня кожны, нават вельмі пасьпяховы беларускі бізнэсовец, можа дазволіць сабе купіць лыжы катэгорыі “hi-tech”. У Менску рэалізацыяй лыжнага абсталяваньня займаецца адна крама — “Спорт-Майстар”. Празь некалькі хвілінаў знаёмства з асартымэнтам можна зразумець, што горналыжны спорт — забава не для бедных.

(Мэнэджэр крамы “Спорт-майстар”: ) “У наяўнасьці ёсьць лыжы нямецкай вытворчасьці “Volkl”. Розьніца ў коштах істотная. Лыжы для пачаткоўцаў, мадэль “Energy220”, каштуюць 259 у.а., камплектуюцца гэтаксама нямецкім мацаваньнем “Marker”. Мацаваньне са шкалой да 10 din, каштуе 139 у.а. Ёсьць італьянскія чаравікі “Technica” і некалькі мадэляў “Solomon”. Розьніца ў кошце: “Technica” — ад 159 даляраў, гэта мадэль пачатковага ўзроўню. Верхняя мяжа — каля 360 умоўных адзінак”.

Сотні даляраў каштуюць і стылёвыя лыжныя палкі, пальчаткі, шлемы, акуляры. Таму толькі адзінкі беларускіх турыстаў выпраўляюцца на курорт з усім сваім. Астатнія ж разьлічваюць узяць напракат і лыжы, і экіпіроўку на месцы. Аднак ужо ніяк не выпадае паехаць у Аўстрыю ў спартовым касьцюме фабрыкі “Дынама” і з лыжамі, зробленымі ў Тэлеханах.

Тым часам, канкурэнцыя на турыстычным рынку змушае шукаць новых варыянтаў адпачынку для нябедных аматараў экстрыму і снобаў. Ужо ёсьць прапановы сёлетняй зімой “асядлаць” хуткасны “боб” на адзінай ва Ўсходняй Эўропе прафэсійнай трасе ў латыскай Сігулдзе. Турысты ў латвійскай Елгаве поўзаюць па лёдзе са шчоткамі ў наймаднейшым сёньня відзе спорту — кёрлінгу. Вось што па тэлефоне зь Сігулды распавёў інструктар у бабслэі Дайніс Вайрас:

(Дайніс: ) “Адзін варыянт ёсьць такі: вы катаецеся на “мяккім” турыстычным “бобе”. Сядае пяць чалавек, і адзін заезд каштуе тры латы з чалавека (каля шасьці даляраў). А другі варыянт ёсьць за 10 латаў. Вы сядаеце ў “боб” вытворчасьці 1980-х гадоў і робіце заезд у якасць “брэйкмэна”. Самі тармозіце і наогул перажываеце дакладна такія ж адчуваньні, як можна ўбачыць па тэлевізіі ў часе спаборніцтваў. Што да хуткасьці, то сотня кілямэтраў у гадзіну ёсьць. А калі марозік — то і больш за сотню”.

А нядаўна зьявілася рэкляма новага маршруту — горналыжны тур у Румынію з наведваньнем мясьцінаў, дзе паводле легенды, жыў граф Дракула.