Сёньняшнія найважнейшыя даты маюць дачыненьне да найноўшай гісторыі Расеі, якая 12 сьнежня адзначае свой Дзень канстытуцыі.
12 сьнежня 1979 году Палітбюро ЦК КПСС пастанавіла ўвесьці войскі ў Афганістан. А роўна празь пятнаццаць гадоў, 12 сьнежня 1994 году расейскі прэзыдэнт выдаў указ пра выкарыстаньне ўсіх сродкаў для раззбраеньня незаконных збройных фармаваньняў на тэрыторыі Чачэнскай рэспублікі, пасьля чаго ў Ічкерыю ўводзяцца расейскія войскі і пачынаюцца маштабныя вайсковыя дзеяньні. Вынік гэтых дзеяньняў атрымаўся такі самы, што і ў Афганістане: канца вайне не відаць.
12 сьнежня 1971 году памёр Давыд Сарноф – амэрыканскі пачынальнік радыё і тэлевяшчаньня. Нарадзіўся Давыд у Менску і чакаў яго лёс выкладчыка талмуда, калі б сям`я ў 1900-м годзе ня зьехала ў Амэрыку. У пятнаццаць гадоў, працуючы ў тэлеграфнай кампаніі пасыльным, Давыд на першы свой заробак купіў сабе тэлефонны апарат. У 1912 ён злавіў сыгнал бедзтва з карабля “Тытанік” і трое сутак заставаўся на сувязі, атрымліваючы ўсе навіны зь месца катастрофы. Ён першы прапанаваў радыёмузычны прыймач, рабіў першыя сэнсацыйныя радыёрэпартажы з баксэрскіх спаборніцтваў. Урэшце ўзначальваная ім Радыёкарпарацыя Амэрыкі стала атрымліваць каласальныя прыбыткі ад продажу сваіх радыёпрыймачоў. У 1926 годзе Сарноф стварыў нацыянальную радыёвяшчальную кампанію NBC, а ўжо праз год пачаў экспэрымэнтальную тэлетрансьляцыю.
12 сьнежня ў розныя гады нарадзіліся францускі пісьменьнік Гюстаў Флабэр і амэрыканскі сьпявак і кінаактор Фрэнк Сынатра.
Цяпер – пра каляндарныя адметнасьці заўтрашняе суботы.
13 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Андрэй. Як адзначае этнограф Уладзімер Васілевіч, дзень сьвятога Андрэя асабліва славіўся варажбою дзяўчат: “Сьвяты Андрэю, я каноплі сею, дай мне знаць, з кім буду рваць”. Каб жаданьні збываліся, дзяўчаты цэлы дзень пасьцілі і пазьбягалі размоваў. Станоўчы або адмоўны вынік гэтай варажбы можна было пабачыць толькі вясною, калі пасеянае ўзыходзіла або не.
13 сьнежня 1919 году Пётра Крэчэўскі стаў старшынём Рады БНР. Ад былога выпускніка віленскай духоўнай сэмінарыі, пасьля школьнага настаўніка, а тады банкаўскага работніка патрабавалася немалая мужнасьць, каб у тыя часы ўзяць на сябе адказнасьць фактычна прэзыдэнта новастворанае краіны.
Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 13 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня нямецкага паэта Генрыха Гейнэ, нямецкага электратэхніка і заснавальніка аднайменнай фірмы Эрнста фон Сымэнса і расейскага паэта-мадэрніста Валерыя Брусава, які на пачатку мінулага стагодзьдзя сябраваў зь літаратарамі віленскай газэты “Наша Ніва”.